ЁІЛЯ 2 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ёіль 2

1Трубеце трубою на Сіёне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; хай трымцяць усе жыхары зямлі, бо настае дзень Гасподні, бо ён блізка -

2дзень цемры і мораку, дзень хмарны і туманны: як ранішняя зара пашыраецца па гарах народ шматлікі і моцны, якога ня бывала адвеку і пасьля таго ня будзе ў роды родаў.

3Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго.

4Выгляд яго як выгляд у коней, і скачуць яны як коньнікі;

5скачуць па вяршынях гор як бы са стукам калясьніц, як бы з трэскам агнявога полымя, якое жарэ салому, як моцны народ, пастаўлены на бітву.

6Убачыўшы яго, затрымцяць народы, ва ўсіх твары зьбялеюць.

7Як змагары бягуць яны і як адважныя воіны залазяць на сьцяну, і кожны ідзе сваёю дарогаю і ня зьбіваецца са шляхоў сваіх.

8Ня душаць адзін аднаго, кожны ідзе сваёю сьцежкаю, і падаюць на дзіды, але застаюцца бяз шкоды.

9Бегаюць па горадзе, падымаюцца на сьцены, залазяць на дамы, уваходзяць у вокны, як злодзей.

10Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло.

11І Гасподзь дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго; бо вялікі дзень Гасподні і досыць страшны, і хто вытрымае яго?

12Але і сёньня яшчэ гаворыць Гасподзь: зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім у посьце, плачы і галашэньні.

13Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і шкадуе пра бедства.

14Хто ведае, ці не ўмілажаліцца Ён і ці не пакіне дабраславеньня, хлебнага прынашэньня і паліваньня Госпаду Богу вашаму?

15Затрубеце трубою на Сіёне, назначце пост і абвясьцеце ўрачысты сход.

16Зьбярэце народ, склічце сход, запрасеце старцаў, зьбярэце падлеткаў і грудных немаўлят; хай выйдзе малады з хароміны сваёй і маладая са сваёй сьвяцёлкі.

17Паміж бабінцам і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, службіты Гасподнія, і кажуць: «зьлітуйся, Госпадзе, з народу Твайго, не аддай спадчыны Тваёй на паганьбеньне, каб ня зьдзекаваліся зь яе народы! Дзеля чаго будуць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іхні?»

18І тады паклапоціцца Гасподзь пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго.

19І адкажа Гасподзь і скажа народу Свайму: вось, я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам.

20І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго - у мора ўсходняе, а задняе - у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха.

21Ня бойся, зямля: радуйся і весяліся, бо Гасподзь вялікі, каб учыніць гэта.

22Ня бойцеся, жывёлы, бо пашы пустыні дадуць росту траве, дрэва ўродзіць плод свой, смакоўніца і вінаградная лаза выявяць сваю сілу.

23І вы, дзеці Сіёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым; бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней.

24І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем.

25І заплачу вам за тыя гады, калі жэрлі саранча, чэрві, жукі і вусень - вялікае войска Маё, якое пасылаў Я на вас.

26І ўдосыць будзеце есьці і насычацца і славіць імя Госпада Бога вашага, Які дзівосна ўчыніў з вамі, і не пасарамаціцца народ Мой вавек.

27І ўведаеце, што Я - пасярод Ізраіля і Я - Гасподзь Бог ваш, і няма іншага, і Мой народ не пасарамаціцца вавек.

28І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы.

29І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго.

30І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы куродыму.

31Сонца ператворыцца ў цемру, і месяц - у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і страшны.

32І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца; бо на гары Сіёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Гасподзь, і ў астатніх, якіх пакліча Гасподзь.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help