ЛЯВІТ 4 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ляв 4

1І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2скажы сынам Ізраілевым: калі якая душа згрэшыць з памылкі супроць якіх-небудзь запаведзяў Гасподніх і зробіць што-небудзь, чаго нельга рабіць:

3калі сьвятар памазаны згрэшыць і зробіць вінаватым народ, - дык за грэх свой, якім зграшыў, няхай прынясе з буйнога быдла цяля, без пахібы, Госпаду ў ахвяру за грэх,

4і прывядзе цяля да дзьвярэй скініі сходу да Госпада, і пакладзе рукі свае на галаву цяляці, і заколе цяля прад Госпадам;

5і возьме сьвятар памазаны крыві цяляці і ўнясе яе ў скінію сходу,

6і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць крывёю сем разоў прад Госпадам перад заслонаю сьвятыні;

7і пакладзе сьвятар крыві прад Госпадам на рогі ахвярніка пахучых дымленьняў, які ў скініі сходу, а астатнюю кроў цяляці вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу.

8І выме зь цяляці за грэх увесь тлушч ягоны, лой, што на вантробах і ўвесь здор, што на вантробах,

9і абедзьве ныркі і здор, што на іх; які на сьцёгнах, і сальнік на печані: з ныркамі аддзеліць ён гэта,

10як аддзяляецца зь цяляці ахвяры мірнай: і спаліць іх сьвятар на ахвярніку цэласпаленьня;

11а скуру цяляці і ўсё мяса яго з галавою і з нагамі ягонымі, і вантробы ягоныя і нячыстасьць ягоную,

12з усяго цяляці няхай вынесе па-за табар на чыстае месца, дзе высыпаецца попел, і спаліць яго агнём на дровах: дзе высыпаецца попел, там няхай спалены будзе.

13Калі ж усё супольства Ізраілевае згрэшыць з памылкі, і ўтоена будзе дзея ад вачэй сходу, і зробіць хто-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго нельга было рабіць, і будзе вінаватае,

14дык, калі пазнаны будзе грэх, якім яны зграшылі, няхай ад усяго супольства прынясуць яны з буйнога быдла цяля ў ахвяру за грэх і прывядуць яго да скініі сходу;

15і пакладуць старэйшыны супольства рукі свае на галаву цяляці перад Госпадам і заколюць цяля перад Госпадам.

16І ўнясе сьвятар памазаны крыві цяляці ў скінію сходу,

17і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць сем разоў прад Госпадам перад заслонаю,

18пакладзе крыві на рогі ахвярніка, які прад абліччам Гасподнім у скініі сходу, а астатнюю кроў вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу;

19і ўвесь тлушч ягоны выме зь яго і спаліць на ахвярніку;

20і зробіць зь цялём тое, што робяць зь цялём за грэх: так павінен зрабіць зь ім, і так ачысьціць іх сьвятар, і даравана ім будзе;

21і вынесе цяля за табар і спаліць яго так, як спаліў першае цяля. Гэта ахвяра за грэх супольства.

22А калі згрэшыць правадыр і зробіць з памылкі што-колечы супроць запаведзяў Госпада, Бога свайго, чаго не належала рабіць, і будзе вінаваты,

23дык, калі пазнаны ім будзе грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казла без пахібы,

24і пакладзе руку сваю на галаву казла, і заколе яго на месцы, дзе колюць цэласпаленьні прад Госпадам: гэта ахвяра за грэх;

25і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьня;

26і ўвесь тлушч ягоны спаліць на ахвярніку, так як і тлушч ахвяры мірнай, і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і даравана будзе яму.

27Калі ж хто зь людзей зямлі згрэшыць з памылкі і зробіць што-колечы супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і вінаваты будзе,

28дык, калі пазнаны будзе ім грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казу без пахібы за грэх свой, якім ён зграшыў,

29і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколюць у ахвяру за грэх на месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня,

30і возьме сьвятар крыві яе пальцам сваім і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

31і ўвесь тлушч яе аддзеліць, так як аддзяляюць тлушч з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку як прыемную духмянасьць Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар, і даравана будзе яму.

32А калі са статку авечак захоча ён прынесьці ахвяру за грэх, няхай прынясе саміцу, без пахібы,

33і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня;

34і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад гэтай ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

35і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help