2 ЛЕТАПІСАЎ 33 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 33

1Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,

2і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,

3і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;

4і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;

5і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.

6А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.

7І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;

8і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.

9Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.

11І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.

12І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.

13І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.

14І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,

15і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.

16І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.

17Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.

18Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.

19І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.

20І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.

21Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,

22і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.

23І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.

24І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.

25Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help