ЕРАМІІ 2 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ер 2

1І было слова Гасподняе мне:

2ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.

3Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.

4Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!

5Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;

6і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?

7І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.

8Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.

9Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.

10Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?

11ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.

12Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.

13Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады

14Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?

15Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.

16І сыны Мэмфіса і Тафны аб'елі цемя тваё.

17Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?

18І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?

19Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.

20Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.

21Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, - найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?

22Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, - бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.

23Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?

24Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.

25Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй - таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.

26Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, - так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,

27кажучы дрэву: «ты мой бацька», і каменю: «ты нарадзіў мяне»; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: «устань і выратуй нас!»

28Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? - хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.

29Навошта вам спаборнічаць са Мною? - усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.

30Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.

31О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?

32Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста - убор свой? а народ Мой забыў Мяне, - няма ліку дням.

33Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.

34Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,

35кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. - Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: «я не зграшыла».

36Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;

37і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help