СУДЗЬДЗЯЎ 4 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Суд 4

1Калі памёр Аод, сыны Ізраілевыя пачалі зноў учыняць ліхое перад вачыма Госпада.

2І аддаў іх Гасподзь у рукі Явіна, цара Ханаанскага, які цараваў у Асоры; ваеначальнікам у яго быў Сісора, які жыў у Харашат-Гаіме.

3І заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада. Бо ў яго было дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ён жорстка прыгнятаў сыноў Ізраілевых дваццаць гадоў.

4У той час была судзьдзёю Ізраіля Дэвора прарочыца, жонка Лапідотава.

5Яна жыла пад Пальмаю Дэворынаю, паміж Рамаю і Вэтылем, на гары Яфрэмавай; і прыходзілі да яе сыны Ізраілевыя на суд.

6Дэвора паслала і паклікала Варака, сына Авінаамавага, з Кедэса Нэфталімавага, і сказала яму: загадвае табе Гасподзь, Бог Ізраілеў: ідзі, падыміся на гару Фавор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч чалавек з сыноў Нэфталімавых і сыноў Завулонавых;

7а Я прывяду да цябе, да патока Кісона, Сісару, ваеначальніка Явінавага, і калясьніцы ягоныя і шматлюднае войска ягонае, і аддам яго ў рукі твае.

8Варак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду; а калі ня пойдзеш са мною, не пайду.

9Яна сказала: пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш; а ў рукі жанчыне аддасьць Гасподзь Сісару. І ўстала Дэвора і пайшла з Варакам у Кедэс.

10Варак склікаў Завулонцаў і Нэфталімцаў у Кедэс, і пайшлі сьледам за ім дзесяць тысяч чалавек, і Дэвора пайшла зь ім.

11Хэвэр, Кенэянін, аддзяліўся ад Кенэйцаў, сыноў Халвава, родзіча Майсеевага, і раскінуў намёт свой каля дубровы ў Цаанііме паблізу Кедэса.

12І данесьлі Сісару, што Варак, сын Авінаамаў, падняўся на гару Фавор.

13Сісара склікаў усе калясьніцы свае, дзевяцьсот жалезных калясьніц, і ўвесь народ, які ў яго, з Харашэт-Гаіма да патока Кісона.

14І сказала Дэвора Вараку: устань, бо гэта той дзень, у які Гасподзь аддасьць Сісару ў рукі твае; Сам Гасподзь пойдзе перад табою. І сышоў Варак з гары Фавор і за ім дзесяць тысяч чалавек.

15Тады Гасподзь прывёў у замяшаньне Сісару і ўсе калясьніцы ягоныя і ўсё рушэньне яго ад меча Варакавага, і сышоў Сісара з калясьніцы, і пабег пеша.

16Варак гнаў калясьніцы яго і рушэньне да Харашэт-Гаіма, і загінуў увесь табар Сісараў ад меча, не засталося нікога.

17А Сісара ўцёк пеша ў намёт Яілі, жонкі Хэвэра Кенэяніна: бо паміж Явінам, царом Асорскім, і домам Хэвэра Кенэяніна быў мір.

18І выйшла Яіль насустрач Сісару, і сказала яму: зайдзі, гаспадару мой, зайдзі да мяне, ня бойся. Ён зайшоў да яе ў намёт, і яна накрыла яго кілімам.

19Сісара сказаў ёй: дай мне крыху вады напіцца, я піць хачу. Яна разьвязала мех з малаком, і напаіла яго, і накрыла яго.

20Сісара сказаў ёй: стань каля дзьвярэй намёта, і калі хто прыйдзе і спытаецца ў цябе і скажа: «ці няма тут каго?», ты скажы: «няма».

21Яіль, жонка Хэвэрава, узяла кол ад намёта, і ўзяла малаток у руку сваю, і падышла да яго ціхенька, і ўбіла кол у скроню яму так, што прыкалола да зямлі; а ён спаў стомлены і памёр.

22І вось Варак гоніцца за Сісарам. Яіль выйшла насустрач яму, і сказала яму: увайдзі, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш. Ён увайшоў да яе, і вось, Сісара ляжыць мёртвы, і кол у скроні ў яго.

23І ўпакорыў Бог таго дня Явіна, цара Ханаанскага, сынам Ізраілевым.

24Рука сыноў Ізраілевых мацавалася болей і болей над Явінам, царом Ханаанскім, пакуль ня зьнішчылі яны Явіна, цара Ханаанскага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help