ЭКЛЕЗІЯСТА 2 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Экл 2

1І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта - марнота!

2Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»

3Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.

4Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;

5завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;

6нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;

7наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;

8сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых - мноства жонак і наложніц.

9І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.

10І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.

11І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.

12Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?

13І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.

14У мудрага вочы яго - у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.

15І сказаў я ў сэрцы маім: «І мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта - марнасьць.

16Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.

17І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё - пустая марнасьць і пагоня за ветрам!

18І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.

19І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта - марнасьць!

20І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:

21Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта - марнасьць і вялікае ліха!

22Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?

23Бо ўсе яго дні - пакуты, і праца ягоная - смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта - марнасьць!

24Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта - з рук Божых.

25Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?

26Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае - зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта - марнасьць і пагоня за ветрам!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help