ЭЗДРЫ 10 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Эзд 10

1Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў.

2І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе;

3складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі, - і хай будзе па законе!

4Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей!

5І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі.

6І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў.

7І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме,

8а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын, будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў.

9І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу.

10І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля.

11Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных.

12І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім.

13Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе паграшылі.

14Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэта.

15Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў.

16І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваньня гэтай справы;

17і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца.

18І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных, - з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў, і Гэдалія;

19і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну;

20і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя;

21і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія;

22і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасэя, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа;

23і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліязэр;

24і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый;

25а зь Ізраільцян, - з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная;

26і з сыноў Элама: Матанія, Захар, Ехіэль, Аудый, Ірэмот і Элія;

27і з сыноў Зату: Льёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса;

28і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай;

29і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Уэал і Ерамот;

30і з сыноў Пахат-Моава: адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія;

31і з сыноў Харыма: Эліязэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сімяон,

32Веньямін, Малух, Шэмарыя;

33і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлфт, Ерамай, Манасія і Шымэй;

34і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл,

35Бэная, Бідэя, Келугі,

36Ванэя, Мэрамот, Эльяшыў,

37Матанія, Матнай, Яасай,

38Ваній, Бінуй, Шымэй;

39Шэлэмія, Натан, Адая,

40Махнатбай, Шашай, Шарай,

41Азарыэл, Шэлэміягу, Шэмарыя,

42Шалум, Амарыя і Язэп;

43і з сыноў Нэво: Еэл, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай Ёэль і Бэная

44Усе гэтыя ўзялі жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help