3 ЦАРСТВАЎ 7 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

3 Цар 7

1А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.

2І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.

3І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.

4Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан, акно насупраць акна.

5І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.

6І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.

7Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.

8У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.

9Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.

10І ў фундамент пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,

11і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.

12Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.

13І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,

14сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:

15і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;

16і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;

17сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.

18Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.

19А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, у чатыры локці,

20і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.

21І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.

22І над слупамі паставіў вянкі, зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.

23І зрабіў літае зь медзі мора, - ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, - зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.

24Падабенствы гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя зь ім адным ліцьцём.

25Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іх былі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.

26Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.

27І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі - чатыры локці, шырыня - чатыры локці і тры локці - вышыня.

28І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;

29на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў - раскідзістыя вянкі;

30каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.

31Адтуліна ад унутранага вянка да верху адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.

32Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола - паўтара локця.

33Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх і калодкі іх, усё было літое.

34Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.

35І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і на версе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.

36І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.

37Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.

38І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.

39І расставіў падстаўкі - пяць па правым баку храма і пяць па левым баку храма, а мора паставіў па правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.

40І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:

41два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў, і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;

42і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;

43і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;

44адно мора і дванаццаць валоў пад морам;

45і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.

46Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.

47І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.

48І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;

49і сьвяцільні - пяць па правы бок і пяць па левы бок, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;

50і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.

51Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысьвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help