ЛІКІ 22 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лікі 22

1І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на руінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

2І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям;

3і вельмі баяліся Маавіцяне народу гэтага, бо ён быў шматлікі; і збаяліся Маавіцяне сыноў Ізраілевых.

4І сказалі Маавіцяне старэйшынам Мадыямскім: гэты народ зьядае цяпер усё вакол нас, як вол зьядае траву палявую. А Валак, сын Сэпфораў быў царом Маавіцянаў у той час.

5І паслаў ён паслоў да Валаама, сына Вэоравага, у Пэтор, што на рацэ Еўфраце, у зямлі сыноў народу яго, каб паклікаць яго і сказаць: вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі, і жыве ён каля мяне;

6дык вось, прыйдзі, пракляні мне народ гэты, бо ён мацнейшы за мяне: можа, тады я змагу разьбіць яго і выгнаць яго зь зямлі; я ведаю, што каго ты дабраславіш, той дабраславёны, і каго ты праклянеш, той пракляты.

7І пайшлі старэйшыны Маавіцкія і старэйшыны Мадыямскія, з дарункамі ў руках за чарадзейства, і пайшлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валакавыя.

8І сказаў ён ім: заначуйце тут ноч, і дам вам адказ, як скажа мне Гасподзь. І засталіся старэйшыны Маавіцкія ў Валаама.

9І прыйшоў Бог да Валаама і сказаў: якія гэта людзі ў цябе?

10Валаам сказаў Богу: Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, прыслаў да мяне:

11вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі; дык вось, прыйдзі, пракляні мне яго; можа, я тады змагу падужацца зь ім і выгнаць яго.

12І сказаў Бог Валааму: не хадзі зь імі, не праклінай народу гэтага, бо ён дабраславёны.

13І ўстаў Валаам раніцай і сказаў князям Валакавым: ідзеце ў зямлю вашу, бо ня хоча Гасподзь дазволіць мне ісьці з вамі.

14І ўсталі князі Маавіцкія, і прыйшлі да Валака, і сказалі: не згадзіўся Валаам ісьці з намі.

15Валак паслаў яшчэ князёў, пабольш і знакаміцейшых за тых.

16І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: так кажа Валак, сын Сэпфораў: не адмоўся прыйсьці да мяне;

17я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне; прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты.

18І адказваў Валаам і сказаў рабам Валакавым: хоць бы Валак даваў мне поўны дом срэбра і золата, не магу пераступіць загадаў Госпада, Бога майго, і зрабіць што-небудзь малое альбо вялікае;

19зрэшты, застаньцеся і вы тут нанач, і я даведаюся, што яшчэ скажа мне Гасподзь.

20І прыйшоў Бог да Валаама ўначы і сказаў яму: калі людзі гэтыя прыйшлі клікаць цябе, устань, і ідзі зь імі! але толькі рабі тое, што Я буду казаць табе.

21Валаам устаў раніцай, асядлаў асьліцу сваю і пайшоў з князямі Маавіцкімі.

22І запалаў гнеў Божы за тое, што ён пайшоў, і стаў анёл Гасподні на дарозе, каб перашкодзіць яму. Ён ехаў на асьліцы сваёй і два слугі ягоныя.

23І ўбачыла асьліца анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; а Валаам пачаў біць асьліцу, каб вярнуць яе на дарогу.

24І стаў анёл Гасподні на вузкай дарозе, паміж вінаграднікамі, дзе з аднаго боку сьцяна і з другога боку сьцяна.

25Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, прыціснулася да сьцяны і прыціснула нагу Валаама да сьцяны; і ён зноў пачаў біць яе.

26Анёл Гасподні зноў перайшоў і стаў у цесным месцы, дзе ня было куды зьвярнуць, ні налева, ні направа.

27Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, легла пад Валаамам. І запалаў гнеў Валаама, і пачаў ён біць асьліцу кіем.

28І разамкнуў Гасподзь вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: што я табе зрабіла, што ты бэеш мяне вось ужо трэці раз?

29Валаам сказаў асьліцы: за тое, што ты паглумілася зь мяне; калі б у мяне ў руцэ быў меч, дык я цяпер ужо забіў бы цябе.

30А асьліца сказала Валааму: ці ня я твая асьліца, на якой ты езьдзіў з пачатку да гэтага дня? ці мела я звычку так рабіць з табою? Ён сказаў: не.

31І адкрыў Гасподзь вочы Валааму, і ўбачыў ён анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і пакланіўся, і ўпаў на аблічча сваё.

32І сказаў яму анёл Гасподні: за што ты біў асьліцу тваю аж тры разы? Я выйшаў, каб перашкодзіць табе, бо шлях твой няправільны перад Мною;

33і асьліца, убачыўшы Мяне, зьвярнула ад Мяне вось ужо тры разы; калі б яна не зьвярнула ад Мяне, дык Я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую.

34І сказаў Валаам анёлу Гасподняму: зграшыў я, бо ня ведаў, што Ты стаіш насупраць мяне на дарозе; дык вось, калі гэта няпрыемна ў вачах Тваіх, дык я вярнуся.

35І сказаў анёл Гасподні Валааму: ідзі зь людзьмі гэтымі, толькі кажы тое, што Я буду казаць табе. І пайшоў Валаам з князямі Валакавымі.

36Валак, пачуўшы, што ідзе Валаам, выйшаў насустрач яму ў горад Маавіцкі, які на граніцы пры Арноне, што каля самай мяжы.

37І сказаў Валак Валааму: ці не пасылаў я да цябе клікаць цябе? чаму ты ня ішоў да мяне? няўжо я і праўда не магу ўшанаваць цябе?

38І сказаў Валаам Валаку: вось, я і прыйшоў да цябе, але ці магу я штосьці ад сябе сказаць? што ўкладзе Бог у вусны мае, тое і буду гаварыць.

39І пайшоў Валаам з Валакам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40І закалоў Валак валоў і авечак і паслаў да Валаама і князёў, якія былі зь ім.

41На другі дзень раніцай Валак узяў Валаама і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавыя, каб ён убачыў адтуль частку народу.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help