ЗАХАРЫІ 1 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Зах 1

1У восьмым месяцы, у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:

2угневаўся Гасподзь на бацькоў вашых вялікім гневам,

3і ты скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: павярнецеся да Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф.

4Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: так кажа Гасподзь Саваоф: адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых і ад ліхіх дзеяў вашых; але яны ня слухаліся і не ўважалі Мне, кажа Гасподзь.

5Бацькі вашыя - дзе яны? ды і прарокі, ці будуць яны вечна жыць?

6Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? і яны зьвярталіся і казалі: як вызначыў Гасподзь Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі.

7У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, - гэта месяц Шэват, - у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:

8уначы бачыў я ўяву: вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя,

9і сказаў я: хто яны, спадару мой? І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: я пакажу табе, хто яны.

10І адказваў муж, які стаяў паміж міртамі, і сказаў: гэта тыя, якіх Гасподзь паслаў абысьці зямлю.

11І яны адказвалі анёлу Гасподняму, які стаяў паміж міртамі, і сказалі: абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля населеная і спакойная.

12І адказваў анёл Гасподні і сказаў: Госпадзе Ўсеўладца! Дакуль Ты не ўмілажалішся зь Ерусаліма і з гарадоў Юды, на якія Ты гневаешся вось ужо семдзесят гадоў?

13Тады ў адказ анёлу, які гаварыў са мною, мовіў Гасподзь словы добрыя, словы суцешлівыя.

14І сказаў Мне анёл, які гаварыў са мною: абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: парупіўся Я за Ерусалім і за Сіён рупнасьцю вялікай:

15І вялікім абурэньнем абураюся з народаў, якія жывуць у спакоі; бо калі Я мала ўгневаўся, яны павялічылі ліха.

16Таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме.

17Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім.

18І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось чатыры рагі.

19І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: што гэта? І ён адказаў мне: гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім.

20Потым паказаў мне Гасподзь чатырох працаўнікоў.

21І сказаў я: што яны ідуць рабіць? Ён сказаў мне так: гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй: а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супроць зямлі Юды, каб расьсеяць яе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help