ВЫСЛОЎІ 11 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Выс 11

1Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.

2Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць.

3Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.

4Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.

5Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.

6Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.

7Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.

8Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.

9Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.

10З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае.

11Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.

12Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.

13Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.

14Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе.

15Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.

16Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.

17Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.

18Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная.

19Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.

20Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.

21Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.

22Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная.

23Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў.

24Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.

25Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.

26Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.

27Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.

28Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.

29Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.

30Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.

31Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help