НАВУМА 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Нав 3

1Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак.

2Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца.

3Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх.

4Гэта - за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі - плямёны.

5Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю.

6І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум.

7І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: «спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?»

8Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму?

9Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе.

10Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі.

11Так і ты - сп'янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля.

12Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці.

13Вось, і народ твой - як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае.

14Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы.

15Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча.

16Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць.

17Князі твае - як саранча, і ваеначальнікі твае - як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, - і не пазнаеш месца, дзе яны былі.

18Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго.

19Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help