ДРУГІ ЗАКОН 1 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

ДРУГ 1

1І вось словы, якія казаў Майсей усяму Ізраілю за Ярданам у пустыні на раўніне насупраць Суфа, паміж Фаранам і Тафэлем, і Лаванам і Асіротам і Дызагавам,

2на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Харыва, па дарозе ад гары Сэір да Кадэс-Варні.

3Саракавога году, адзінаццатага месяца, першага дня месяца, казаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што наказаў яму Гасподзь пра іх.

4Пасьля таго, як забіў ён Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, і Ога, цара Васанскага, які жыў у Амтэроце ў Эдрэі,

5за Ярданам, у зямлі Маавіцкай, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і сказаў:

6Гасподзь, Бог наш, гаварыў нам у Харыве і сказаў: годзе вам жыць на гары гэтай!

7павярнецеся, выпраўцеся ў дарогу і йдзеце на гару Амарэяў і да ўсіх суседзяў іхніх, на раўніну, на гару, на нізкія мясьціны і на паўднёвы край і да берагоў мора, у зямлю Ханаанскую і да Лівана, нават да ракі вялікай, ракі Еўфрата;

8вось, Я даю вам зямлю гэтую, ідзеце, вазьмеце ў спадчыну зямлю, якую Гасподзь з клятваю абяцаў даць бацькам вашым, Абрагаму, Ісааку і Якаву, ім і нашчадкам іхнім.

9І я сказаў вам у той час: не магу адзін вадзіць вас;

10Гасподзь, Бог ваш, памножыў вас, і вось, вы сёньня шматлікія, як зоркі нябесныя;

11Гасподзь, Бог бацькоў вашых, хай памножыць вас у тысячу разоў ад таго, колькі вас сёньня, і хай дабраславіць вас, як ён казаў вам:

12як жа мне аднаму насіць цяжары вашыя, ношкі вашыя і раздоры вашыя?

13выберыце сабе па плямёнах вашых мужоў мудрых, разумных і выпрабаваных, і я пастаўлю іх правадырамі вашымі.

14Вы адказвалі мне і сказалі: добрую дзею загадваеш ты ўчыніць.

15І ўзяў я галоўных з плямёнаў вашых, мужоў мудрых і выпрабаваных, і зрабіў іх правадырамі над вамі, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі, дзясятнікамі і наглядчыкамі паводле плямёнаў вашых.

16І даў я загад судзьдзям вашым у той час, кажучы: выслухвайце братоў вашых і судзеце справядліва як брата з братам, так і прыхадня ягонага;

17ня вырозьнівайце асобаў на судзе, як малога, так і вялікага выслухоўвайце: ня бойцеся аблічча чалавечага, бо суд - дзея Божая; а справу, якая вам цяжкая, даводзьце да мяне, і я выслухаю яе.

18І даў я вам у той час загады пра ўсё, што трэба вам рабіць.

19І выправіліся мы ад Гарыва, і йшлі па ўсёй гэтай вялікай і страшнай пустыні, якую вы бачылі па дарозе да гары Амарэйскай, як загадаў Гасподзь, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Варні.

20І сказаў я вам: вы прыйшлі да гары Амарэйскай, якую Гасподзь, Бог наш, дае вам;

21вось, Гасподзь, Бог твой, аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, ня бойся і не жахайся.

22Але вы ўсе падышлі да мяне і сказалі: пашлём перад сабою людзей, каб яны нагледзелі нам зямлю і прынесьлі нам вестку пра дарогу, па якой нам ісьці, і пра гарады, у якія нам ісьці.

23Слова гэтае мне спадабалася, і я ўзяў з вас дванаццаць чалавек, па адным чалавеку ад племя.

24Яны пайшлі, узышлі на гару і дайшлі да даліны Эсхол і агледзелі яе;

25і ўзялі ў рукі свае пладоў зямлі й прынесьлі нам, і прынесьлі нам вестку і сказалі: добрая зямля, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.

26Але вы не захацелі йсьці і ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага,

27і наракалі ў намётах вашых і казалі: Гасподзь, зь нянавісьці да нас, вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, каб аддаць нас у рукі Амарэяў, і зьнішчыць нас;

28куды мы пойдзем? браты нашыя расслабілі сэрца наша, кажучы: народ той большы і вышэйшы за нас, гарады там большыя і з умацаваньнямі да нябёсаў, ды й сыноў Энакавых бачылі мы там.

29І я сказаў вам: не палохайцеся і ня бойцеся іх,

30Гасподзь, Бог ваш, ідзе перад вамі; Ён будзе біцца за вас, як Ён зрабіў з вамі ў Егіпце, перад вачыма вашымі,

31і ў пустыні той, дзе, як ты бачыў, Гасподзь, Бог твой, насіў цябе, як чалавек носіць сына свайго, на ўсім шляху, які вы праходзілі, да прыходу вашага на гэта месца.

32Але і пры гэтым вы ня верыце Госпаду, Богу вашаму,

33Які йшоў прад вамі дарогаю шукаць вам месца, дзе спыніцца вам, уначы ў агні, каб паказваць вам дарогу, па якой ісьці, а ўдзень у воблаку.

34І Гасподзь пачуў словы вашыя, і разгневаўся, і запрысягнуўся, кажучы:

35ніхто зь людзей гэтых, з гэтага ліхога роду, не пабачыць добрай зямлі, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым;

36Толькі Халеў, сын Ефаніеў, пабачыць яе; яму дам Я зямлю, па якой ён праходзіў, і сынам ягоным, за тое, што ён слухаўся Госпада.

37І на мяне ўгневаўся Гасподзь за вас, кажучы: і ты ня ўвойдзеш туды;

38Ісус, сын Наваў, які пры табе, ён увойдзе туды; яго ўмацуй, бо ён увядзе Ізраіля ў валоданьне ёю;

39дзеці вашыя, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычаю ворагам, і сыны вашыя, якія ня ведаюць сёньня ні дабра, ні ліха, яны ўвойдуць туды, ім дам яе, і яны авалодаюць ёю;

40а вы павярнецеся і выпраўцеся ў пустыню па дарозе да Чэрмнага мора.

41І вы адказвалі тады і сказалі мне: зграшылі мы прад Госпадам, пойдзем і будзем біцца, як загадаў нам Гасподзь, Бог наш. І аперазаліся вы, кожны баявой зброяй сваёю, і неразумна рашыліся ўзысьці на гару.

42Але Гасподзь сказаў мне: скажы ім: ня ўзыходзьце і ня бецеся, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя.

43І я казаў вам, але вы не паслухаліся і ўсупрацівіліся загаду Гасподняму і з упартасьці сваёй узышлі на гару.

44І выступіў супроць вас Амарэй, які жыў на гары той, і гналі вас так, як робяць пчолы, і білі вас на Сэіры да самай Хормы.

45І вярнуліся вы і плакалі прад Госпадам; але Гасподзь не пачуў ляманту вашага і не паслухаў вас.

46І прабылі вы ў Кадэсе шмат часу, колькі часу вы там былі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help