НЭЭМІІ 5 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Нээм 5

1І сталася вялікае нараканьне ў народзе і ў жанчын яго на братоў сваіх Юдэяў.

2Былі такія, што казалі: нас, сыноў нашых і дачок нашых многа; і мы хацелі б здабываць хлеб і карміцца і жыць.

3Былі і такія, што казалі: палі свае і вінаграднікі свае і дамы свае мы закладваем, каб здабыць хлеба ад голаду.

4Былі і такія, што казалі: мы пазычаем срэбра на падатак цару пад заклад палёў нашых і вінаграднікаў нашых;

5у нас такія ж целы, якія целы ў братоў нашых, і сыны нашыя такія самыя, як іхнія сыны, а вось мы павінны аддаваць сыноў нашых і дачок нашых у рабы, і некаторыя з дачок нашых ужо ў рабстве. Няма ніякіх сродкаў на выкуп у руках нашых; і палі нашы і вінаграднікі нашы ў іншых.

6Калі я пачуў нараканьні іхнія і такія словы, я вельмі ўгневаўся.

7Сэрца маё абурылася, і я строга выгаварыў знакамітым і начальнікам і сказаў ім: вы бераце ліхву з братоў сваіх. І склікаў я супроць іх вялікі сход

8і сказаў ім: мы выкупілі братоў сваіх, Юдэяў, прададзеных народам, колькі было сілы ў нас, а вы прадаяце братоў сваіх, і яны прадаюцца нам? Яны маўчалі, ня маючы што сказаць.

9І сказаў я: нядобра вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны хадзіць вы, каб пазьбегнуць наганы ад народаў, ворагаў нашых?

10І я таксама, браты мае і служкі мае пазычалі ім і срэбра і хлеб: пакінем ім пазыку гэтую.

11Вярнеце ж ім сёньня палі іхнія, вінаграднікі і масьлічныя сады іхнія, і ліхву з срэбра і хлеба, і віна і алею, за які вы пазычылі ім.

12І сказалі яны: вернем і ня будзем зь іх спаганяць; зробім так, як ты кажаш. І паклікаў я сьвятароў і сказаў ім запрысягнуцца, што яны так зробяць.

13І вытрас я вопратку маю і сказаў: так няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня стрымае слова гэтага, з дома ягонага і з маёнтка ягонага, і так хай будзе ў яго вытрасена і пуста! І сказаў увесь сход: амін. І праславілі Бога; і народ стрымаў слова гэтае.

14Яшчэ: з таго дня, як назначаны я быў начальнікам вобласьці іхнім у зямлі Юдэйскай, ад дваццатага года да трыццаць другога года цара Артаксэркса, і так дваццаць гадоў я і браты мае ня елі хлеба вобласьценачальніцкага.

15А ранейшыя начальнікі вобласьцяў, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і зьбіралі зь іх хлеб і віно, акрамя сарака сікляў срэбра; нават і слугі іхнія панавалі над народам. А я не рабіў так праз страх Божы.

16Пры гэтым працу на сьцяне гэтай я падтрымліваў; і палёў мы ня куплялі, і ўсе слугі мае зьбіраліся туды на працу.

17Юдэяў і начальнікаў па сто пяцьдзясят чалавек бывала ў мяне за сталом, апрача тых, што прыходзілі да нас з навакольных народаў.

18І вось што гатавалася на адзін дзень: адзін бык, шэсьць адборных авечак і птушкі гатаваліся ў мяне; і за дзесяць дзён спажывалася мноства рознага віна. І пры тым хлеба вобласьценачальніцкага я не патрабаваў, бо цяжкая служба ляжала на народзе гэтым.

19Спамяні, Божа мой, на добрае мне ўсё, што я зрабіў дзеля народу гэтага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help