1 ЛЕТАПІСАЎ 19 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Лет 19

1Пасьля гэтага памёр Наас, цар Аманіцкі, і зацараваў сын яго замест яго.

2І сказаў Давід: зраблю я міласьць Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое бацька ягоны зрабіў мне. І паслаў Давід паслоў суцешыць яго ў бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давідавы ў зямлю Аманіцкую, да Анона, каб суцешыць яго.

3Але князі Аманіцкія сказалі Анону: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? Ці не на тое прыйшлі слугі яго да цябе, каб выведаць і выгледзець зямлю і спустошыць яе?

4І ўзяў Анон слуг Давідавых і пагаліў іх, і абцяў вопратку іхнюю напалавіну да сьцёгнаў і адпусьціў іх.

5І пайшлі яны. І данесьлі Давіду пра людзей гэтых, і ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя; і сказаў цар; застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць борады вашыя, і тады вяртайцеся.

6Калі Аманіцяне ўбачылі, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду, тады паслаў Анон і Аманіцяне тысячу талантаў срэбра, каб наняць сабе калясьніц і верхаўцоў зь Сірыі Месапатамскай і зь Сірыі Мааха і з Сувы.

7І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьніц і цара Мааха з народам ягоным, якія прыйшлі і разьмясьціліся табарам перад Мэдэваю. І Аманіцяне сабраліся з гарадоў сваіх і выступілі на вайну.

8Калі дачуўся пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам адважных.

9І выступілі Аманіцяне і сталі на бітву, каля брамы горада, а цары, якія прыйшлі, асобна ў полі.

10Ёаў, бачачы, што чакае яго бітва сьпераду і ззаду, выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў.

11А астатнюю частку народу даручыў Авэсу, брату свайму, каб яны выступілі супроць Аманіцянаў.

12І сказаў ён: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, дык ты дапаможаш мне, а калі Аманіцяне будуць адольваць цябе, дык я дапамагу табе.

13Будзь мужны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага, - і Гасподзь хай зробіць, што Яму заўгодна.

14І ўступіў Ёаў і людзі, якія былі ў яго, у бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

15А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, і самыя пабеглі ад Авэсы, брата ягонага, і сышлі ў горад. І прыйшоў Ёаў у Ерусалім.

16Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, адправілі паслоў і вывелі Сірыйцаў, якія былі па той бок ракі, і Савак, ваеначальнік Адраазараў, быў на чале іх.

17Калі данесьлі пра гэта Давіду, ён сабраў усіх Ізраільцянаў, перайшоў Ярдан і прыйшоў да іх і стаў супроць іх. І ўступіў Давід у бітву зь Сірыйцамі, і яны сьцяліся зь ім.

18І Сірыйцы пабеглі ад Ізраільцянаў, і зьнішчыў Давід у Сірыйцаў сем тысяч калясьніц, і сорак тысяч пешых і Савака ваеначальніка забіў.

19Калі ўбачылі слугі Адраазара, што яны пабітыя Ізраільцянамі, заключылі з Давідам мір і падпарадкаваліся яму. І не хацелі Сірыйцы дапамагаць больш Аманіцянам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help