ВЫСЛОЎІ 15 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Выс 15

1Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.

2Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.

3Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.

4Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.

5Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.

6У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад.

7Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.

8Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.

9Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.

10Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.

11Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.

12Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.

13Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.

14Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.

15Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.

16Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.

17Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.

18Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.

19Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.

20Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.

21Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.

22Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.

23Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!

24Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.

25Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.

26Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.

27Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.

28Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.

29Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.

30Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства,

31Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.

33Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help