ПЕСЬНЯ 5 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Псн 5

1Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!

2Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці».

3Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?

4Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.

5Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.

6Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.

7Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.

8Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.

9Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?

10Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.

11Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,

12вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,

13шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;

14рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,

15ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.

16Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help