ЭЗДРЫ 4 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Эзд 4

1І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;

2і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.

3І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.

4І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;

5і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

6А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.

7І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.

8Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:

9Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, - Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне

10і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.

11І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу - рабы твае, людзі за ракою, і іншае.

12Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.

13Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.

14Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:

15хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, - і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты - горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.

16Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.

17Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.

18Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;

19і ад мяне дадзены загад, - і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,

20і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.

21Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.

22І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?

23Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.

24Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help