ЗАХАРЫІ 11 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Зах 11

1Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.

2Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.

3Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.

4Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,

5якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.

6Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.

7І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін - добрым упадабаньнем, другі - кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.

8І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.

9Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае - хай памірае, і якая гіне - хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.

10І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.

11І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта - слова Госпада.

12І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, - не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.

13І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, - высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.

14І пераламаў Я другое жазло Маё - «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.

15І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.

16Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.

17Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help