ЭСТЭР 8 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Эст 8

1У той дзень цар Артаксэркс аддаў царыцы Эстэры дом Амана, ворага Юдэяў; а Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр абвясьціла, што ён для яе.

2І зьняў цар пярсьцёнак свой, які ён адабраў у Амана, і аддаў яго Мардахэю; а Эстэр паставіла Мардахэя наглядчыкам над домам Амана.

3І гаварыла Эстэр далей перад царом і ўпала да ног ягоных, і плакала і ўмольвала яго адхіліць злосьць Амана Вугэяніна і намысел ягоны, які ён намысьліў супроць Юдэяў.

4І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр; і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам цара,

5і сказала: калі цару заўгодна, і калі я здабыла ўпадабаньне перад абліччам ягоным, справядлівая справа гэтая перад абліччам цара, і падабаюся я вачам ягоным, дык няхай было б напісана, каб вернутыя былі пісьмы паводле намыслаў Амана, сына Амадата, Вугэяніна, пісаныя ім пра зьнішчэньне Юдэяў ва ўсіх вобласьцях цара;

6бо, як я магу бачыць бедства, якое спасьцігне народ мой, і як я магу бачыць пагібель родных маіх?

7І сказаў цар Артаксэркс царыцы Эстэры і Мардахэю Юдэю: вось, я дом Амана аддаў Эстэры, і яго самога павесілі на дрэве за тое, што накладваў руку сваю на Юдэяў;

8напішэце і вы пра Юдэяў, што вам заўгодна, ад імя цара і змацуйце царскім пярсьцёнкам, бо ліст, напісаны ад імя цара і змацаваны пярсьцёнкам царскім, нельга зьмяніць.

9І пакліканы былі тады царскія пісцы ў трэці месяц, гэта значыцца, у месяц Сіван, на дваццаць трэцім дні яго, і напісана было ўсё, як загадаў Мардахэй, як Юдэям так і сатрапам, і вобласьценачальнікам і ўпраўцам вобласным ад Індыі да Эфіопіі - ста дваццаці сямі вобласьцяў, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове ягонай, і да Юдэяў пісьмёнамі іхнімі і на мове іхняй.

10І напісаў ён ад імя цара Артаксэркса, і змацаваў царскім пярсьцёнкам, і паслаў пісьмы праз ганцоў на конях, на драмадэрах і мулах царскіх,

11пра тое, што цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць

12у адзін дзень па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыцца, месяца Адара.

13Сьпіс з гэтага ўказу аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб Юдэі гатовыя былі да таго дня помсьціць ворагам сваім.

14Ганцы, якія паехалі на борздых конях царскіх, пагналі хутка і сьпешна з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе.

15І Мардахэй выйшаў ад цара ў царскім адзеньні яхантавага і белага колеру і ў вялікім залатым вянку і ў мантыі вісоннай і пурпуровай. І горад Сузы разьвесяліўся і зарадаваўся.

16А ў Юдэяў было тады асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне.

17І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, у кожным месцы, куды толькі даходзіў ўказ ягоны, была радасьць у Юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся Юдэямі, бо напаў на іх страх перад Юдэямі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help