ЛУКАША 8 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лк 8

1Пасьля гэтага Ён праходзіў па гарадах і селішчах, прапаведуючы і зьвястуючы Царства Божае, і зь Ім дванаццаць,

2і некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдалінаю, зь якое выйшлі сем дэманаў,

3і Яна, жонка Хузы, домаўпраўцы Ірадавага, і Сусана, і многія іншыя, якія служылі Яму маёмасьцю сваёю.

4А як сабралася многа людзей, і з усіх гарадоў жыхары сыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прытчаю:

5Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;

6а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;

7а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго;

8а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

9А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая?

10Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы - ня бачаць і чуючы - не разумеюць.

11Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае;

12а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д'ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся,

13а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца;

14а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць:

15а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

16Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло.

17Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б.

18Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.

19І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці.

20І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе.

21Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае - гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго.

22Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.

23У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.

24І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.

25Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?

26І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі.

27Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах.

28Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне.

29Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні.

30Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.

31І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань.

32А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.

33Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў.

34Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах.

35І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся.

36А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец.

37І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся.

38А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы:

39вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.

40А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом,

42бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго.

43І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, -

44падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала.

45І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»?

46Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне.

47Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася.

48Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.

49Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі і кажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку.

50Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе.

51А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці.

52Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, а сьпіць.

53І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла.

54А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань!

55І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці.

56І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help