НЭЭМІІ 8 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Нээм 8

1Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя жылі ў гарадах сваіх, тады сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, на пляц, які перад Вадзяною брамаю, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу закона Майсеевага, які запавядаў Гасподзь Ізраілю.

2І прынёс сьвятар Эздра закон на сход мужчын і жанчын і ўсіх, якія маглі разумець, у першы дзень сёмага месяца;

3і чытаў зь яго на пляцы, які перад Вадзяною брамай, ад сьвітаньня да полудня, перад мужчынамі і жанчынамі і ўсімі, якія маглі разумець; і вушы ўсяго народу былі прыхілены да кнігі закона.

4Кніжнік Эздра стаяў на драўляным узвышэньні, якое яму зрабілі, а каля яго, праваруч ад яго, стаялі Мататыя і Шэма, і Аная і Урыя, і Хэлкія і Маасэя, а леваруч ад яго Фэдая і Місаіл, і Малхія і Хашум, і Хашбадана, і Захар і Мэшулам.

5І адкрыў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народу, бо ён стаяў вышэй за народ. І калі ён адкрыў яе, увесь народ устаў.

6І дабраславіў Эздра Госпада Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: амін, амін, падымаючы рукі свае, - і пакланяліся і падалі прад Госпадам тварам да зямлі.

7Ісус, Ваная, Шэрэвія, Ямін, Акуў, Шаўтай, Гадыя, Маасэя, Кліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Фэлая і лявіты тлумачылі народу закон, тым часам як народ стаяў на сваім месцы.

8І чыталі з кнігі, з закона Божага, выразна, і далучалі тлумачэньне, і народ разумеў прачытанае.

9Тады Нээмія, ён жа Тыршата, і кніжнік Эздра, сьвятар, і лявіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: дзень гэты сьвяты Госпаду Богу нашаму; ня смуткуйце і ня плачце, - бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы закона.

10І сказаў ім: ідзеце, ежце тлустае і пеце салодкае, і пасылайце частку тым, у каго нічога не прыгатавана, таму што дзень гэты сьвяты Госпаду нашаму. І ня смуткуйце, бо радасьць прад Госпадам - падмацаваньне вам.

11І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуткуйце.

12І пайшоў увесь народ есьці, і піць, і пасылаць часткі, і сьвяткаваць зь вялікай весялосьцю, бо зразумелі словы, якія сказалі ім.

13На другі дзень сабраліся ўзначальцы пакаленьняў ад усяго народу, сьвятары і лявіты да кніжніка Эздры, каб ён тлумачыў ім словы закона.

14І знайшлі напісанае ў законе, які Гасподзь даў праз Майсея, каб сыны Ізраілевыя ў сёмым месяцы, у сьвята, жылі ў кучках.

15І таму абвясьцілі і агаласілі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерусаліме, кажучы: ідзеце на гару і нясеце галінкі масьліны садовай і галінкі масьліны дзікай, і галінкі міртавыя і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых шырокалістных дрэў, каб зрабіць кучкі паводле напісанага.

16І пайшоў народ, і прынесьлі і зрабілі сабе кучкі, кожны на сваім даху і на дварах сваіх, і на дварах дома Божага, і на пляцы каля Вадзяное брамы і на пляцы каля Яфрэмавай брамы.

17Усё супольства павяртанцаў з палону зрабіла кучкі-буданы і жыло ў кучках. Ад дзён Ісуса, сына Нававага, да гэтага дня, не рабілі так сыны Ізраілевыя. Радасьць была вельмі вялікая.

18І чыталі з кнігі закона Божага кожны дзень, ад першага дня да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а на восьмы дзень пасьля сьвята паводле статуту.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help