САФОНА 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Саф 3

1Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!

2Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.

3Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.

4Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.

5Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.

6Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.

7Я казаў: «бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне»! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.

8Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.

9Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.

10З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі.

11У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.

12Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.

13Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.

14Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!

15Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.

16У той дзень скажуць Ерусаліму: «ня бойся», і Сіёну: «хай жа ня слабнуць рукі твае!

17Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю».

18Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.

19Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.

20У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help