2 ЛЕТАПІСАЎ 13 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 13

1На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:

2тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, з Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.

3І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.

4І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне.

5Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?

6Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.

7І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.

8І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.

9Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.

10А ў нас - Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.

11І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.

12І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя, не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.

13Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.

14І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.

15І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.

16І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.

17І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.

18І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.

19І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.

20І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.

21А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.

22Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help