1 КАРЫНФЯНАЎ 7 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Кар 7

1А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны.

2Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа.

3Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу.

4Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка.

5Ня ўліхяйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым.

6Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад.

7Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін - такі, другі - інакшы.

8А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я;

9але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца.

10А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам,

11а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, - а муж няхай не пакідае жонкі сваёй.

12А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;

13і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго.

14Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.

15Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь.

16Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі?

17Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах.

18Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся.

19Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё - у выкананьні наказаў Божых.

20Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы.

21Ці рабом ты пакліканы, ня турбуйся; але калі і можаш стацца вольным, дык лепшым скарыстайся.

22Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Гасподні; гэтак сама і пакліканы вольнік ёсьць раб Хрыстовы.

23Вы куплены дарагою цаною; не рабецеся рабамі людзей.

24У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.

25Што да дзявоцтва, дык я ня маю наказу Гасподняга, а даю параду, як той, хто атрымаў ад Госпада міласьць быць Яму верным.

26Дзеля цяперашняй патрэбы лічу за лепшае, што добра чалавеку заставацца так.

27Ці зьвязаны ты з жонакаю? ня шукай разводу. Ці застаўся бяз жонкі? ня шукай жонкі.

28Урэшце, калі і ажэнішся, ня згрэшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, ня згрэшыць. Але такія зазнаюць цялеснага гора, а мне вас шкада.

29Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы ня мелі,

30і тыя, што плачуць, як бы ня плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы ня радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі;

31і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як бы не карысталіся; бо мінаецца вобраз сьвету гэтага.

32А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду;

33а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю:

34незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу.

35Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур'ёзна.

36Калі ж хто і лічыць няпрыстойным для сваёй дзяўчыны тое, каб яна, будучы ў сталым веку, заставалася так, той хай робіць, як хоча, - ня згрэшыць; няхай такія выходзяць замуж.

37Але хто непахісна цьвёрды ў сэрцы сваім і, ня змушаны патрэбаю, а маючы ўладу ў сваёй волі, рашыўся ў сэрцы сваім аберагчы сваю дзяўчыну, - той добра робіць.

38Таму той, хто выдае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не выдае, робіць лепш.

39Жонка зьвязана законам, пакуль жыве муж яе; калі ж муж яе памрэ, вольная выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.

40Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так па маёй парадзе; а думаю, і я маю Духа Божага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help