МАЦЬВЕЯ 26 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Мц 26

1І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

2вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.

3Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,

4і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;

5але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

6Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,

7прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.

8Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?

9бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

10Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;

11бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;

12бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;

13праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

14Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў

15і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

16і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

17У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?

18Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».

19І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.

20Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

21І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

22Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?

23А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;

24зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.

25У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.

26А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.

27І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;

28бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.

29Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

31Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».

32А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.

33У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.

34Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

35Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

37І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

38Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

39І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

40І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?

41чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

42Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.

43І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

44І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.

45Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

46устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.

47І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.

48А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.

49І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.

50Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.

51І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.

52Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;

53альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?

55У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.

56А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

58А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

59Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;

60і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі

61і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».

62І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?

63А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

65Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!

66Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.

67Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках

68і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?

69А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.

70Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.

71А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.

72І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.

73Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

74Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.

75І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help