2 ЦАРСТВАЎ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Цар 6

1І сабраў зноў Давід усіх выбраных зь Ізраіля, трыццаць тысяч.

2І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.

3І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.

4І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.

5А Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі прад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.

6І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.

7Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.

8І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.

9І спалохаўся Давід у той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?

10І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.

11І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.

12Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: «Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага», дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.

13І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.

14Давід танцаваў з усёй моцы прад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.

15Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.

16Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў прад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.

17І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні прад Госпадам і ахвяры мірныя.

18Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;

19і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.

20Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек!

21І сказаў Давід Мэлхоле: прад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, прад Госпадам іграць і скакаць буду;

22і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.

23І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help