ДРУГІ ЗАКОН 15 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

ДРУГ 15

1А ў канцы кожнага сёмага года рабі адпушчэньне.

2А адпушчэньне ў тым, каб кожны пазыковец, які пазычыў блізкаму свайму, дараваў пазыку і не спаганяў з блізкага свайго альбо з брата свайго, бо абвешчана дараваньне дзеля Госпада;

3з чужаземца спаганяй, а што будзе твайго ў брата твайго, даруй.

4Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага: бо дабраславіць цябе Гасподзь на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб ты ўспадкаваў яе,

5калі толькі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, і старацца выконваць усе запаведзі гэтыя, якія я сёньня наказваю табе;

6бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіць цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; і валадарыць будзеш над многімі народамі, а яны над табою ня будуць валадарыць.

7Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім,

8а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу;

9пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх;

10дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі;

11бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй.

12Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю;

13а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі,

14а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой;

15памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта.

16А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», бо добра яму ў цябе,

17дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю.

18Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць.

19Усё першароднае мужчынскага полу, што народзіцца ад буйнога быдла твайго і ад дробнага быдла твайго, пасьвячай Госпаду, Богу твайму: не працуй на першародным вале тваім і ня стрыжы першароднага з дробнага быдла твайго;

20прад Госпадам, Богам тваім, штогоду рабі гэта ты і сямэя твая, на месцы, якое выбера Гасподзь;

21а калі будзе на ім загана, кульгавасьць альбо слепата, альбо якая іншая пахіба, дык ня прынось яго ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,

22а ў селішчах тваіх еж яго; нячысты як і чысты могуць есьці, як сарну і як аленя;

23толькі крыві ягонай ня еж: на зямлю вылівай яе, як ваду.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help