3 ЦАРСТВАЎ 17 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

3 Цар 17

1І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, прад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.

2І было яму слова Гасподняе:

3ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;

4з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.

5І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.

6І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.

7Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.

8І было яму слова Гасподняе:

9устань і йдзі ў Сарэпта Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.

10І ўстаў ён і пайшоў у Сарэпта. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.

11І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.

12Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой! у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.

13І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;

14бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.

15І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.

16Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.

17Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.

18І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.

19І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;

20і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?

21І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопца гэтага ў яго!

22І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопца гэтага ў яго, і ён ажыў.

23І ўзяў Ільля хлопца, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.

24І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help