1 ЛЕТАПІСАЎ 12 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Лет 12

1І гэтыя таксама прыйшлі да Давіда ў Сэкелаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кісавага, і былі з адважнікаў, якія дапамагалі ў бітве.

2Узброеныя лукам, і тыя, што кідалі праваю і леваю рукою камяні і стралялі стрэламі з лука, - з братоў Саўла, ад Веньяміна:

3галоўны Ахіезэр, за ім Ёас, сыны Шэмаі, з Гівы; Езіел і Фэлэт, сыны Азмавэта: Бэраха і Егу з Анатота;

4Ішманія Гавааніцянін, адважнікі з трыццаці і начальнік над трыццацьцю; Ерамія, Яхазііл, Ёханан і Ёзавад з Гедэры;

5Элузай, Ерымот, Вэалія, Шэмарыя, Сафатыя Харытыянін;

6Элкана, Ішыяху, Азарыл, Ёэзэр і Ёшавам, Карэяне;

7і Ёэла і Зэвадыя сыны Ерахама, з Гэдора.

8І з Гадыцян перайшлі да Давіда ва ўмацаваньне, у пустыню людзі мужныя, ваяўнічыя, узброеныя шчытом і дзідай; твары ільвіныя - твары іхнія, і яны шпаркія, як сарны ў горах.

9Галоўны Эзэр, другі Авадыя, трэці Эліяў,

10чацьвёрты Мішмана, пяты Ерамія,

11шосты Атай, сёмы Эліел,

12восьмы Ёханан, дзявяты Элзавад,

13дзясяты Ерамія, адзінаццаты Махбанай.

14Яны з сыноў Гадавых узначальцы ў войску: меншы над сотняю, і большы над тысячаю.

15Вось яны перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.

16Прыйшлі таксама і з сыноў Веньямінавых і Юдавых ва ўмацаваньне да Давіда.

17Давід выйшаў насустрач ім, і сказаў ім: калі зь мірам прыйшлі вы да мяне, каб дапамагаць мне, дык хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб падступна перадаць мяне ворагам маім, тым часам як няма заганы на руках маіх, дык хай бачыць Бог бацькоў нашых і рассудзіць.

18І абняў дух Амасая, узначальцу трыццацёх, і сказаў ён: мір табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэеў; мір табе і мір памочнікам тваім; бо памагае табе Бог твой. Тады прыняў іх Давід і паставіў на чале войска.

19І з племя Манасіінага перайшлі да Давіда, калі ён ішоў зь Філістымлянамі на вайну супроць Саўла, але не дапамагаў ім, бо ўзначальцы Філістымскія, параіўшыся, адаслалі яго, кажучы: на нашую галаву ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла.

20Калі ён вяртаўся ў Сэкелаг, тады перайшлі да яго з Манасіян: Аднах, Ёзавад, Едыяэл, Міхаіл, Ёзавад, Элігу і Цыльтай, тысячнікі ў Манасіян.

21І яны дапамагалі Давіду супроць полчышчаў, бо ўсе гэта былі людзі адважныя і былі правадыры ў войску.

22Так з кожным днём прыходзілі да Давіда на дапамогу да таго, што ягонае рушэньне зрабілася вялікае, як рушэньне Божае.

23Вось лічба галоўных у войску, якія прыйшлі да Давіда ў Хэўрон, каб перадаць яму царства Саўлавае, па слове Гасподнім:

24сыноў Юдавых, якія носяць шчыт і дзіду, было шэсьць тысяч васямсот гатовых да вайны;

25з сыноў Сімяонавых, людзей адважных, у войску было сем тысяч і сто;

26з сыноў Лявііных чатыры тысячы шасьцьсот;

27і Ёдай, князь ад племя Аарона, і зь ім тры тысячы сямсот;

28і Садок, мужны юнак, і род ягоны, дваццаць два начальнікі;

29з сыноў Веньямінавых, братоў Саўлавых, тры тысячы, - але яшчэ многія зь іх трымаліся дома Саўлавага;

30з сыноў Яфрэмавых дваццаць тысяч васямсот людзей мужных, людзей знакамітых у родах сваіх;

31з паўкалена Манасіінага васямнаццаць тысяч, якія выкліканы былі паіменна, каб пайсьці ўцараваць Давіда;

32з сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю, - іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга;

33з племя Завулонавага гатовых да бітвы, узброеных усякаю ваеннаю зброяй, пяцьдзясят тысяч, у страі, аднадушных;

34з племя Нэфталімавага тысяча правадыроў і зь імі трыццаць сем тысяч з шчытамі і дзідамі;

35з племя Данавага гатовых да вайны дваццаць восем тысяч шасьцьсот;

36ад Асіра воінаў, гатовых да бітвы, сорак тысяч;

37з-за Ярдана, ад племя Рувімавага, Гадавага, і паўплемя Манасіінага, сто дваццаць тысяч, з усялякай воінскай зброяй.

38Усе гэтыя воіны, у страі, ад шчырага сэрца прыйшлі ў Хэўрон уцараваць Давіда над усім Ізраілем. Ды і ўсе іншыя Ізраільцяне былі аднадушныя, каб паставіць царом Давіда.

39І прабылі там у Давіда тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі ім;

40ды і блізкія да іх, нават да племя Ісахаравага, Завулонавага і Нэфталімавага, прывозілі ўсё страўнае на аслах, і вярблюдах, і мулах, і валах: муку, смоквы і разынкі, і віно, і алей, і буйнога і дробнага быдла мноства, бо радасьць была Ізраілю.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help