РЫМЛЯНАЎ 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Рым 3

1Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?

2Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.

3Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?

4Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».

5А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы.

6Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?

7Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?

8І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.

9Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,

10як напісана: «няма праведнага аніводнага;

11няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;

12усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».

13Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;

14вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.

15Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;

16разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;

17яны ня ведаюць шляхоў міру.

18Няма страху Божага перад вачамі ў іх».

19А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,

20бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.

21Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,

22праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,

23бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,

25Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,

26у доўгім цярпеньні Божым, для паказу српавядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.

27Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.

28Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.

29Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;

30бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.

31Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help