2 ЦАРСТВАЎ 22 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Цар 22

1І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

2Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

3Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

4Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

5Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

6ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

8Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

9Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

10Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

11і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

12і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

13ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

14Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

15пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

16І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

17Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

18выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

19Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

20і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

21Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

22Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

23бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

24і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

25І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

26Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,

27з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.

28Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

29Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

30З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

31Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

32Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

33Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

34робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

35вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

36Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

39і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

40Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

41Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

42Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.

43Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

44Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

45Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

46Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

47Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

48Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

49і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

50За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

51велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help