ПСАЛТЫР 105 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Пс 105

1Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.

2Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?

3Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!

4Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,

5каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.

6Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.

7Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.

8Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.

9Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;

10і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.

11Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.

12І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.

13Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:

14і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.

15І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.

16І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.

17Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.

18І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.

19Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;

20і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.

21Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,

22дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.

23І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.

24І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;

25і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.

26І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,

27і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.

28Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,

29і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.

30І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць

31І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.

32І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,

33бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.

34Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;

35а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;

36служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,

37і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;

38пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю;

39зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.

40І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю

41і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.

42Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.

43Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.

44Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,

45і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,

46і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.

47Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.

48Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help