БЫЦЦЁ 39 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Бц 39

1А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.

2І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.

3І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.

4І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.

5І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.

6І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.

7І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.

8Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нішто ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;

9няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу прад Богам?

10Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,

11сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;

12яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.

13А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,

14клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,

15І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопртаку сваю, і пабег, і выбег прэч.

16І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.

17І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;

18але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.

19Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой, - дык запалаў гневам;

20і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.

21І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.

22І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.

23Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help