4 ЦАРСТВАЎ 21 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

4 Цар 21

1Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.

2І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

3І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму,

4і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.

5І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.

6І правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.

7І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;

8і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.

9Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:

11за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,

12за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якое калі хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;

13і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;

14і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім

15за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.

16А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх - рабіць благое ў вачах Гасподніх.

17Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

18І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:

19дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.

20І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;

21і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,

22і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.

23І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.

24Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

25Астатняе пра Амона, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

26І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help