ВЫХАД 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Вых 9

1І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

2бо калі ты не захочаш адпусьціць і яшчэ будзеш трымаць яго,

3дык вось, рука Гасподняя будзе на быдле тваім, якое ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках: будзе згубная пошасьць вельмі цяжкая;

4і падзеліць Гасподзь паміж быдлам Ізраільскім і быдлам Егіпецкім, і з усяго сыноў Ізраілевых не памрэ нічога.

5І назначыў Гасподзь час, сказаўшы: заўтра зробіць гэта Гасподзь у зямлі гэтай.

6І зрабіў гэта Гасподзь на другі дзень, і паздыхала ўсё быдла Егіпецкае; а з быдла сыноў Ізраілевых не памерла нічога.

7Фараон паслаў даведацца, і вось з быдла сыноў Ізраілевых ня здохла нічога. Але сэрца фараонава жорстка зацялося, і ён не адпусьціў народу.

8І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вазьмеце па поўнай жмені попелу зь печы, і хай кіне яго Майсей пад неба на вачах у фараона;

9і падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай, і будзе на людзях і на быдле запаленьне з нарывамі, ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

10Яны ўзялі попелу зь печы і сталі перад абліччам фараона. Майсей кінуў яго пад неба, і зрабілася запаленьне з нарывамі на людзях і на быдле.

11І не маглі магі ўстояць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на магах і на ўсіх Егіпцянах.

12Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь Майсею.

13І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

14бо гэтым разам Я пашлю ўсе пошасьці Мае ў сэрца тваё, і на рабоў тваіх, і на народ твой, каб ты ўведаў, што няма падобнага на Мяне на ўсёй зямлі;

15як бо Я працягнуў руку Маю, дык пакараў бы цябе і народ твой пошасьцю, і ты зьнішчаны быў бы зь зямлі:

16але на тое Я захаваў цябе, каб паказаць на табе сілу Маю, і каб вернута было імя Маё па ўсёй зямлі;

17ты яшчэ супрацьстаіш народу Майму, каб не адпускаць яго, -

18вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня:

19дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць.

20Тыя з рабоў фараонавых, якія забаяліся слова Гасподняга, сьпешна сабралі рабоў сваіх і статкі свае ў дамы;

21а хто не павярнуў сэрца свайго да слова Гасподняга, той пакінуў рабоў сваіх і статкі свае ў полі.

22І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і ўпадзе град на ўсю зямлю Егіпецкую, на людзей, на быдла і на ўсю траву польную ў зямлі Егіпецкай.

23І працягнуў Майсей посах свой да неба, і Гасподзь утварыў гром і град, і агонь разьліваўся па зямлі; і паслаў Гасподзь град на зямлю Егіпецкую;

24і быў град і агонь паміж градам, вельмі моцны, якога ня было ва ўсёй зямлі Егіпецкай з часу засяленьня яе.

25І пабіў град па ўсёй зямлі Егіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да быдла, і ўсю траву польную пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламаў;

26толькі ў зямлі Гесэм, дзе жылі сыны Ізраілевыя, ня было граду.

27І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: гэтым разам я зграшыў; Гасподзь справядлівы, а я і народ мой вінаватыя;

28памалецеся Госпаду; хай перастануць грамы Божыя і град, і адпушчу вас і ня буду больш трымаць.

29Майсей сказаў яму: як толькі я выйду з горада, і граду больш ня будзе, каб ты ўведаў, што Гасподняя зямля;

30але я ведаю, што ты і рабы твае яшчэ не ўбаіцеся Госпада Бога.

31Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень выкаласаваў і лён абнасеньніўся,

32а пшаніца і жыта не пабітыя, бо яны былі позьнія.

33І выйшаў Майсей ад фараона з горада і працягнуў рукі свае да Госпада, і спыніліся гром і град, і дождж перастаў ліцца на зямлю.

34І ўбачыў фараон, што перастаў дождж і град і гром, і грашыў далей, і абцяжарыў сэрца сваё ён і рабы ягоныя.

35І ачэрсьцьвілася сэрца фараонавае, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых, як і казаў Гасподзь праз Майсея.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help