ЛЯВІТ 26 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ляв 26

1Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш.

2Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю паважайце: Я Гасподзь.

3Калі вы будзеце рабіць паводле статутаў Маіх і запаведзі Мае будзеце шанаваць і выконваць іх,

4дык Я дам вам дажджы ў свой час, і зямля дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы польныя дадуць плод свой;

5і малацьба хлеба будзе дасягаць у вас збору вінаграду, збор вінаграду будзе дасягаць севу, і будзеце есьці хлеб свой удосыць, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы;

6пашлю мір на зямлю, ляжаце, і ніхто вас не занепакоіцца, выганю лютых зьвяроў зь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай;

7і праганяцьмеце ворагаў вашых, і ўпадуць яны перад вамі ад меча;

8пяцёра з вас прагоняць сто, і сто з вас прагоняць дзесяць тысяч, і ўпадуць ворагі вашы перад вамі ад меча;

9пагляджу на вас, і пладаноснымі зраблю вас, і памножу вас, і ўстанаўлю запавет Мой з вамі;

10і будзеце есьці старое леташняе, і выкінеце старое дзеля новага;

11і пастаўлю селішча Маё сярод вас, і душа Мая не пагрэбуе вамі;

12і хадзіцьму сярод вас і буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам.

13Я Гасподзь Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб вы ня былі там рабамі, і разарваў повязі ярма вашага і павёў вас з паднятаю галавою.

14Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых,

15і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, -

16дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго;

17павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі.

18І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя,

19і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь;

20і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх.

21А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя:

22пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя.

23Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне,

24дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя,

25і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага;

26хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя.

27А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне,

28дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,

29і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце:

30спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі;

31гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых;

32і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй;

33а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя.

34Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае;

35ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй.

36Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе,

37і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым;

38і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых;

39а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць;

40тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне,

41за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае.

42І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю;

43тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі,

44і тады як яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, - Я не пагляджу на іх і не пагрэбую імі настолькі, каб зьнішчыць іх, каб разбурыць запавет Мой зь імі, бо Я Гасподзь, Бог іхні;

45нагадаю ім пра запавет іхні з продкамі, якіх вывеў Я зь зямлі Егіпецкай перад вачыма народаў, каб быць іхнім Богам. Я Гасподзь.

46Вось пастановы і вызначэньні і законы, якія пастанавіў Гасподзь паміж Сабою і сынамі Ізраілевымі на гары Сінай праз Майсея.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help