2 ЦАРСТВАЎ 14 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Цар 14

1І заўважыў Ёаў, сын Саруі, што сэрца цара павярнулася да Авэсалома.

2І паслаў Ёаў у Тэкою, і ўзяў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: прыкінься, быццам плачаш, і апрані жалобную вопратку, і ня мажся алеем, і назавіся жанчынаю, якая шмат дзён плакала па памерлым;

3і йдзі да цара і скажы яму так і так. І ўклаў Ёаў у вусны яе, што сказаць.

4І ўвайшла жанчына Тэкаіцянка да цара і ўпала тварам сваім на зямлю, і пакланілася і сказала: памажы, цару!

5І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: я ўдава, муж мой памёр;

6і ў рабы тваёй было два сыны; яны пасварыліся ў полі, і ня было каму разьвесьці іх, і пабіў адзін другога і забіў яго.

7І вось, паўстала ўся радня на рабу тваю, і кажуць: аддай забойцу брата свайго; і мы заб'ем яго за душу брата ягонага, якую ён загубіў, і зьнішчым нават спадчыньніка. І так яны патушаць астатнюю іскру маю, каб не пакінуць мужу майму імя і нашчадкаў на ўлоньні зямлі.

8І сказаў цар жанчыне: ідзі спакойна дамоў, я дам загад пра цябе.

9Але жанчына Тэкаіцянка сказала цару: на мне, гаспадару мой цар, хай будзе віна і на доме бацькі майго, а цар і трон ягоны невінаваты.

10І сказаў цар: таго, хто будзе супроць цябе, прывядзі да мяне, і ён больш не чапацьме цябе.

11Яна сказала: спамяні, цару, Госпада Бога твайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў і не загубілі сына майго. І сказаў цар: жывы Гасподзь! не ўпадзе і волас з сына твайго на зямлю.

12І сказала жанчына: дазволь рабе тваёй сказаць яшчэ слова гаспадару майму цару.

13Ён сказаў: кажы. І сказала жанчына: чаму ты так робіш супроць народу Божага? Цар, вымавіўшы гэтае слова, зьвінаваціў сябе самога, бо не вяртае выгнанца свайго.

14Мы памром і будзем, як вада, вылітая на зямлю, якую нельга сабраць; але Бог ня хоча загубіць душу і думае, як бы не адкінуць ад Сябе і адкінутага.

15І цяпер я прыйшла сказаць цару, гаспадару майму, гэтыя словы, бо народ палохае мяне; і раба твая сказала: пагавару я з царом, ці ня зробіць ён паводле слова рабы сваёй;

16мабыць, цар выслухае і выбавіць рабу сваю з рук людзей, якія хочуць зьнішчыць мяне разам з сынам маім са спадчыны Божай.

17І сказала раба твая: хай будзе слова гаспадара майго цара ўцехаю мне, бо гаспадар мой цар, як анёл Божы, і можа выслухаць і добрае і благое. І Гасподзь Бог твой будзе з табою.

18І адказваў цар і сказаў жанчыне: не хавай ад мяне, пра што я спытаюся ў цябе. І сказала жанчына: кажы, гаспадару мой цар.

19І сказаў цар: ці ня рука Ёава ва ўсім гэтым з табою. І адказвала жанчына і сказала: хай жыве душа твая, гаспадару мой цар; ні направа, ні налева нельга ўхіліцца ад таго, што сказаў гаспадар мой цар; правільна, раб твой Ёаў загадаў мне, і ён уклаў у вусны рабы тваёй усе гэтыя словы;

20каб прытчаю даць справе такі выгляд, раб твой Ёаў навучыў мяне; але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі.

21І сказаў цар Ёаву: вось, я зраблю; ідзі ж, вярні хлопца Авэсалома.

22Тады Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся, і дабраславіў цара і сказаў: цяпер ведае раб твой, што здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, гаспадару мой цар, бо цар зрабіў паводле слова раба свайго.

23І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гесур, і прывёў Авэсалома ў Ерусалім.

24І сказаў цар: хай ён вернецца ў дом свой, а твару майго ня бачыць. І пайшоў Авэсалом у свой дом, а твару царскага ня бачыў.

25Ня было ва ўсім Ізраілі мужчыны такога прыгожага, як Авэсалом, і такога пахвальнага, як ён: ад падэшвы ног да верху галавы яго ня было ў ім пахібы.

26Калі ён стрыг галаву сваю, - а ён стрыг яе кожны год, бо яна абцяжарвала яго, дык валасы з галавы ягонай важылі дзьвесьце сікляў па вазе царскай.

27І нарадзіліся ў Авэсалома тры сыны і адна дачка, імем Тамар; яна была жанчына прыгожая.

28І заставаўся Авэсалом у Ерусаліме два гады, а твару царскага ня бачыў.

29І паслаў Авэсалом па Ёава, каб паслаць яго да цара; але той не захацеў прыйсьці да яго. Паслаў і другі раз, але той не захацеў прыйсьці.

30І сказаў Авэсалом слугам сваім: бачыце дзялянку поля Ёава каля майго, і ў яго там ячмень: ідзеце, выпаліце яго агнём. І выпалілі слугі Авэсалома тую дзялянку поля агнём.

31І ўстаў Ёаў, і прыйшоў да Авэсалома ў дом, і сказаў яму: навошта слугі твае выпалілі маю дзялянку агнём?

32І сказаў Авэсалом Ёаву: вось, я пасылаў па цябе, кажучы: прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да цара сказаць: навошта я прыйшоў з Гесура? Лепей бы мне заставацца там. Я хачу ўбачыць твар цара. Калі ж я вінаваты, дык забі мяне.

33І пайшоў Ёаў да цара і пераказаў яму. І паклікаў цар Авэсалома. Ён прыйшоў да цара і ўпаў тварам сваім на зямлю перад царом. І пацалаваў цар Авэсалома.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help