БЫЦЦЁ 46 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Бц 46

1І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.

2І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.

3Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там павяду ад цябе народ вялікі;

4Я пайду з табою ў Егіпет, Я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.

5Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.

6І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, і прыйшлі ў Егіпет, - Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.

7Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дачок сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.

8Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія прыйшлі ў Егіпет: Якаў і сыны ягоныя. Першынец Якава Рувім.

9Сыны Рувімавыя: Ханох і Фалу, Хецрон і Хармі.

10Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі.

11Сыны Левія: Гірсон, Кааф і Мэрары.

12Сыны Юдавыя: Ір і Анан, і Шэла і Фарэс і Зара; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай. Сыны Фарэсавыя былі: Эсром і Хамул.

13Сыны Ісахаравыя: Тола і Фува, Ёў і Шымрон.

14Сыны Завулонавыя: Сэрэд і Элон і Яхлэіл.

15Гэта сыны Ліі, якіх яна нарадзіла Якаву ў Месапатаміі, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душ сыноў ягоных і дачок ягоных трыццаць тры.

16Сыны Гадавыя: Цыфіён і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Ароды і Арэлі.

17Сыны Асіравыя: Імна і Ішва, і Ішві і Брыя, і Сэрах, сястра іхняя. Сыны Брыі: Хэвэ і Малхііл.

18Гэта сыны Зэлфы, якую Лаван даў Ліі, дачцэ сваёй: яна нарадзіла іх Якаву шаснаццаць душ.

19Сыны Рахілі, жонкі Якава: Язэп і Веньямін.

20І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Егіпецкай Манасія і Яфрэм, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Она.

21Сыны Веньяміна: Бэла і Бэхер і Ашбэл; Гера і Нааман, Эхі і Рош, Муіпім і Хупім і Ард.

22Гэта сыны Рахілі, якія нарадзіліся ў Якава, усяго чатырнаццаць душ.

23Сын Данаў: Хушым.

24Сыны Нэфталімавыя: Яхцэіл і Гуні, Ецэр і Шылэм.

25Гэта сыны Валы, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі; яна і нарадзіла іх Якаву ўсяго сем душ.

26Усіх душ, што прыйшлі зь Якавам у Егіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, апрача жонак сыноў Якаўлевых, усяго шэсьцьдзясят шэсьць душ.

27Сыноў Язэпа, якія нарадзіліся ў Егіпце, дзьве душы. Усіх душ дома Якаўлевага, што перайшлі ў Егіпет, семдзесят пяць.

28Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён паказваў дарогу ў Гесэм. І прыйшлі ў зямлю Гесэм.

29Язэп запрог калясьніцу сваю і выехаў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гесэм, і, убачыўшы яго, упаў на шыю яму, і доўга плакаў на шыі ў яго.

30І сказаў Ізраіль Язэпу: памру я цяпер, убачыўшы аблічча тваё; бо ты яшчэ жывы.

31І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: я пайду, паведамлю фараону і скажу яму: браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне;

32гэтыя людзі пастухі авечак, бо скатаводы яны; і дробнае і буйное быдла сваё, і ўсё, што ў іх, прывялі яны.

33Калі фараон пакліча вас і скажа: які занятак ваш?

34дык вы скажэце: мы, рабы твае, уласьнікамі статкаў былі з маладосьці нашай да сёньня, і мы і бацькі нашыя, - каб вас пасялілі ў зямлі Гесэм. Бо гідотны Егіпцянам усякі пастухавечы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help