СУДЗЬДЗЯЎ 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Суд 9

1Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:

2голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.

3Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.

4І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.

5І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.

6І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.

7Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!

8Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.

9Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?

10І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.

11Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?

12І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.

13Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?

14Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.

15Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, пакойцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.

16Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?

17За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;

18а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.

19Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай радуецца за вас;

20а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.

21І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.

22Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.

23І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,

24каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.

25Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.

26А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.

27І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.

28Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?

29калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.

30Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.

31Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;

32дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;

33а раніцай, як узыходзіць сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.

34І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.

35Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.

36Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.

37Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.

38І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: «хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?» гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.

39І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.

40І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.

41І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.

42На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.

43Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.

44Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.

45І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.

46Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал-Вэрыта.

47Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.

48І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.

49І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.

50Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў яго.

51Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.

52Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.

53Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.

54Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.

55Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.

56Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.

57І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Ёфама, сына Ераваалавага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help