НЭЭМІІ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Нээм 6

1Калі дайшло да слыху Санавалата і Товіі і Гешэма Аравіцяніна і астатніх непрыяцеляў нашых, што я пабудаваў сьцяну, і не засталася ў ёй пашкодаў - зрэшты я да таго часу яшчэ ня ставіў дзьвярэй у браме,

2тады прыслаў Санавалат і Гешэм да мяне сказаць: прыйдзі, і сыдземся ў адным зь сёлаў на раўніне Она. Яны намышлялі зрабіць мне благое.

3Але я паслаў да іх паслоў сказаць: я заняты вялікай справай, не магу сысьці; справа спынілася б, калі б я пакінуў яе і сышоў да вас.

4Чатыры разы прысылалі яны да мяне з такім самым запрашэньнем, і я адказваў ім тое самае.

5Тады прыслаў да мяне Санавалат пяты раз свайго слугу, у якога ў руцэ было распячатанае пісьмо.

6У ім было напісана: чутка носіцца ў народаў, і Гешэм кажа, быццам ты і Юдэі задумалі адпасьці, дзеля чаго і будуеш ты сьцяну і хочаш быць у іх царом, паводле тых самых чутак;

7і прарокаў паставіў ты, каб яны абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме і казалі: цар Юдэйскі! І такія гаворкі дойдуць да цара. Дык вось, прыходзь, і параімся разам.

8Але я паслаў да яго сказаць: нічога такога ня было, пра што ты кажаш; ты выдумаў гэта сваім розумам.

9Бо ўсе яны палохалі нас, думаючы: апусьцяцца рукі іхнія ад справы гэтай, і яна не адбудзецца; але я тым болей умацаваў рукі мае.

10Прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгетавэлавага, і ён замкнуўся і сказаў: пойдзем у дом Божы, усярэдзіну храма і замкнём за сабою дзьверы храма, бо прыйдуць забіць цябе, і прыйдуць забіць цябе ўначы.

11Але я сказаў: ці можа ўцякаць такі чалавек, як я? Ці можа такі чалавек, як я, увайсьці ў храм, каб застацца жывым? Не пайду.

12Я ведаў, што ня Бог паслаў яго, хоць і не па-прарочы казаў мне, але што Товія і Санавалат падкупілі яго.

13Дзеля таго ён быў падкуплены, каб я спалохаўся і зрабіў так і зграшыў, і каб мелі пра мяне благую думку і перасьледавалі мяне за гэта дакорамі.

14Спамяні, Божа мой, Товію і Санавалата па гэтых справах іхніх, а таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі запалохаць мяне!

15Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні месяца Элула, за пяцьдзясят два дні.

16Калі пачулі пра гэта ўсе няпрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена Богам нашым.

17Звыш таго ў тыя дні знакамітыя Юдэі многа пісалі лістоў, якія пасылаліся Товію, а лісты Товіі прыходзілі да іх.

18Бо многія ў Юдэі былі ў клятвеным спрымірэнстве зь ім, бо ён быў зяць Шэханіі, сына Арахавага, а сын ягоны Ёханан узяў за сябе дачку Мэшулама, сына Вэрэхіі.

19Нават пра дабрыню ягоную яны гаварылі пры мне, і мае словы пераносіліся да яго. Товія пасылаў лісты, каб запалохаць мяне.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help