ПСАЛТЫР 104 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Пс 104

1Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.

2Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.

3Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.

4Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.

5Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,

6вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.

7Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

8Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,

9якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,

10і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,

11кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.

12Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,

13і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,

14нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:

15«не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».

16І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.

17Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.

18Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,

19пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.

20Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.

21Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,

22каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.

23Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,

24і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.

25Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.

26Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.

27Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.

28Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.

29Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.

30Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.

31Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.

32Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.

33І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.

34Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;

35і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.

36І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.

37І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.

38Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.

39Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.

40Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.

41Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,

42бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,

43і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:

44і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,

45каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help