3 ЦАРСТВАЎ 18 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

3 Цар 18

1Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.

2І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.

3І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,

4і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.

5І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.

6І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.

7Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?

8Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

9Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?

10Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго, царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;

11а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.

12Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб'е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.

13Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?

14А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб'е мяне.

15І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.

16І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.

17Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?

18І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;

19цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста - прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.

20І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.

21І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.

22І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;

23хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;

24і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.

25І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.

26І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.

27Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!

28І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.

29Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.

30Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.

31І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.

32І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,

33і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,

34і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,

35і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.

36У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок - і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.

37Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.

38І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.

39Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!

40І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.

41І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.

42І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,

43і сказаў хлопцу свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: нічога няма, і Ён сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.

44На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.

45Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.

46І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help