РУТ 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Рут 3

1І сказала ёй Наэмінь, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?

2вось, Ваоз, з служанкамі якога ты была, родзіч наш; вось, ён гэтае ночы вее ў гумне ячмень;

3умыйся, памажся, надзень строі свае і пойдзеш у гумно, але не паказвайся яму, пакуль ня скончыць есьці і піць;

4а калі ён ляжа спаць, даведайся пра месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і адкрыеш каля ног ягоных і ляжаш: ён скажа табе, што табе рабіць.

5Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.

6І пайшла ў гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе.

7Ваоз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад сьціртаю. І яна прыйшла ціхенька, адкрыла каля ног ягоных і легла.

8Апоўначы ён уздрыгнуў, прыўзьняўся, і вось, каля ног ягоных ляжыць жанчына.

9І сказаў: хто ты? Яна сказала: Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч.

10Ваоз сказаў: дабраславёная ты ад Госпада, дачка мая! гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ лепей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых;

11дык вось, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала; бо каля ўсіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрадзейная;

12хоць і праўда, што я родзіч, але ёсьць яшчэ родзіч бліжэйшы за мяне;

13заначуй гэтую ноч; а заўтра, калі ён прыме цябе, дык добра, хай прыме; а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму; жывы Гасподзь! сьпі да раніцы.

14І спала яна каля ног ягоных да раніцы, і ўстала раней, чым яны маглі пазнаць адно аднаго. І сказаў Ваоз: хай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла ў гумно.

15І сказаў ёй: падай вопратку, якая на табе, патрымай яе. Яна трымала, і ён намерыў шэсьць мераў ячменю, і паклаў на яе, і пайшоў у горад.

16А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: што, дачка мая? Яна пераказала ёй усё, што зрабіў ёй чалавек той.

17І сказала: гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня йдзі да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.

18Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца; бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help