БЫЦЦЁ 37 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Бц 37

1Якаў жыў у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаанскай.

2Вось жыцьцё Якава. Язэп, сямнаццаці гадоў, пасьвіў быдла разам з братамі сваімі, будучы хлапцом, з сынамі Валы і з сынамі Зэлфы, жонак бацькі свайго. І даводзіў Язэп благія пра іх чуткі да бацькі іхняга.

3Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай, - і зрабіў яму розных колераў вопратку.

4І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго болей за ўсіх братоў ягоных; і зьненавідзелі яго і не маглі гаварыць зь ім дружалюбна.

5І бачыў Язэп сон і расказаў братам сваім: і яны зьненавідзелі яго яшчэ больш.

6Ён сказаў ім: выслухайце сон, якія я бачыў:

7вось мы вяжам снапы сярод поля; і вось, мой сноп устаў і стаў старчма; і вось, вашы снапы пасталі навокал і пакланіліся майму снапу.

8І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя.

9І бачыў ён яшчэ іншы сон і расказаў яго братам сваім, кажучы: вось, я бачыў яшчэ сон: вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак пакланяюцца мне.

10І ён расказаў бацьку свайму і братам сваім. І накрычаў на яго бацька ягоны і сказаў яму: што гэта за сон, які ты бачыў? няўжо я і твая маці і твае браты прыйдзем пакланіцца табе да зямлі?

11Браты ягоныя пазайздросьцілі яму, а бацька ягоны ўзяў да ўвагі гэта слова.

12Браты ягоныя пайшлі пасьвіць быдла бацькі свайго ў Сіхем.

13І сказаў Ізраіль Язэпу: браты твае ці ж ня пасьвяць у Сіхеме? ідзі, я пашлю цябе да іх. Ён адказаў яму: вось я.

14Ізраіль сказаў яму: ідзі, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлае быдла, і прынясі мне адказ. І паслаў яго з даліны Хэўронскай. І ён прыйшоў у Сіхем.

15І знайшоў яго нехта, калі ён бадзяўся па полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: чаго ты шукаеш?

16Ён сказаў: я шукаю братоў маіх; скажы мне, дзе яны пасьвяць?

17І сказаў той чалавек: яны пайшлі адгэтуль, бо я чуў, як яны казалі: хадзем у Дафан. І пайшоў Язэп за братамі сваімі і знайшоў іх у Дафане.

18І ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, пачалі намышляць супроць яго, каб забіць яго.

19І сказалі адзін аднаму: вось, ідзе сновідзец;

20хадзем цяпер, і заб'ем яго, і кінем яго ў які-небудзь роў, і скажам, што драпежны зьвер задраў яго; і пабачым, што выйдзе зь ягоных сноў.

21І пачуў гэта Рувім, і ўратаваў яго з рук іхніх, сказаўшы: не заб'ём яго.

22І сказаў ім Рувім: не пралівайце крыві; кіньце яго ў роў, які ў пустыні, а рук не накладайце на яго. Гэта казаў ён, каб выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць яго да бацькі ягонага.

23Калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі зь Язэпа вопратку ягоную, вопратку розных колераў, якая была на ім,

24і ўзялі яго і ўкінулі яго ў роў; а роў той быў пусты; вады ў ім ня было.

25І селі яны есьці хлеб, і паглядзеўшы ўбачылі, вось, ідзе з Галаада караван Ізмаільцянаў, і вярблюды іхнія нясуць стыраксу, бальзам і ладан: ідуць яны завезьці гэта ў Егіпет.

26І сказаў Юда братам сваім: якая карысьць, калі мы заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?

27хадзем, прадамо яго Ізмаільцянам, а рукі нашыя хай ня будуць на ім, бо ён брат наш, плоць наша. Браты яго паслухаліся

28і, калі праходзілі купцы Мадыямскія, выцягнулі Язэпа з рова і прадалі Язэпа Ізмаільцянам за дваццаць срэбранікаў; а яны завялі Язэпа ў Егіпет.

29А Рувім прыйшоў зноў да рова; і вось, няма Язэпа ў рове. І разадраў ён вопратку на сабе,

30і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: хлопца няма, а я, куды я падзенуся?

31І ўзялі вопратку Язэпаву, і закалолі казла, і запэцкалі вопратку крывёю;

32і паслалі розных колераў вопратку, і даставілі бацьку свайму, і сказалі: мы гэта знайшлі; паглядзі, ці сына твайго вопратка гэтая, ці не.

33Ён пазнаў яе і сказаў: гэта вопратка сына майго; драпежны зьвер задраў яго; праўда, разадраны Язэп.

34І разадраў Якаў вопратку на сабе, і надзеў вярэту на сьцёгны свае, і аплакваў сына свайго многа дзён.

35І сабраліся ўсе сыны ягоныя і ўсе дочкі ягоныя, каб суцешыць яго; але ён не хацеў суцешыцца і сказаў: са смуткам сыйду да сына майго ў апраметную. Так аплакваў яго бацька ягоны.

36А Мадыяніцяне прадалі яго ў Егіпет Патыфару, царадворцу фараонаваму, начальніку целаахоўцаў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help