1 ЦАРСТВАЎ 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Цар 9

1Быў нехта з сыноў Веньяміна, звалі яго Кіс, сын Авііла, сына Цэрона, сына Бэхарата, сына Афія, сына нейкага Веньямініцяніна, чалавек знакаміты.

2У яго быў сын, звалі яго Саўл, малады і прыгожы; і ня было нікога зь Ізраільцянаў прыгажэйшага за яго; ён ад плячэй сваіх быў вышэйшы за ўвесь народ.

3І прапалі асьліцы ў Кіса, бацькі Саўлавага, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: вазьмі з сабою аднаго са слугаў і ўстань, ідзі, пашукай асьліц.

4І прайшоў ён зямлю Яфрэмавую і прыйшоў у зямлю Шалішу, але не знайшлі; і прайшлі зямлю Шаалім, і там іх няма; і прайшоў ён зямлю Веньямінавую, і не знайшлі.

5Калі яны прыйшлі ў зямлю Цуф, Саўл сказаў слузе свайму, які быў зь ім: хадзем назад, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, не пачаў непакоіцца за нас.

6Але слуга сказаў яму: вось у гэтым горадзе ёсьць чалавек Божы, чалавек паважаны; усё, што ён скажа, збываецца; сходзім цяпер туды; можа, ён пакажа нам дарогу нашую, па якой нам ісьці.

7І сказаў Саўл слузе свайму: вось мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба не засталося ў торбах нашых, і дарунка няма, каб паднесьці чалавеку Божаму; што ў нас?

8І зноў адказваў слуга Саўлу і сказаў: вось у руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён пакажа нам дарогу нашую.

9Раней у Ізраіля, калі хто-небудзь ішоў пытацца Бога, казалі так: хадзем да празарліўца. Бо той, каго называюць сёньня прарокам, раней называўся празарліўцам.

10І сказаў Саўл слузе свайму: добра ты кажаш; пойдзем. І пайшлі ў горад, дзе чалавек Божы.

11Калі яны падымаліся ўгору ў горад, дык спаткалі дзяўчат, якія выйшлі чэрпаць ваду, і сказалі ім: ці ёсьць тут празарлівец?

12Тыя адказвалі ім і сказалі: ёсьць; вось ён, паперадзе цябе; толькі пасьпяшайся, бо ён сёньня прыйшоў у горад, бо сёньня ў народа ахвярапрынашэньне на вышыні;

13калі прыйдзеце ў горад, застанеце яго, пакуль ён яшчэ не пайшоў на тую вышыню, на абед; бо народ не пачне есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславіць ахвяру, і пасьля таго пачнуць есьці кліканыя; дык вось, ідзеце, цяпер яшчэ застанеце яго.

14І пайшлі яны ў горад. Калі ж увайшлі ў сярэдзіну горада, дык вось і Самуіл выходзіць насустрач ім, каб ісьці на вышыню.

15А Гасподзь адкрыў Самуілу за дзень да прыходу Саўлавага і сказаў:

16заўтра гэтым часам Я прыйшлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне.

17Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім.

18І падышоў Саўл да Самуіла ў браме і спытаўся ў яго: скажы мне, дзе дом празарліўца?

19І адказваў Самуіл Саўлу і сказаў: я празарлівец, ідзі паперадзе мяне на вышыню; і вы будзеце абедаць са мною сёньня, і адпушчу цябе раніцай, і ўсё, што ў цябе на сэрцы, скажу табе;

20а пра асьліц, якія ў цябе прапалі ўжо тры дні, ня турбуйся, яны знайшліся. І каму ўсё прывабнае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?

21І адказваў Саўл і сказаў: ці ж ня сын я Веньяміна, аднаго з малодшых пакаленьняў Ізраілевых? і племя маё ці ж ня меншае сярод плямёнаў Веньямінавых? Навошта ж ты кажаш мне гэта?

22І ўзяў Самуіл Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца сярод запрошаных, якіх было каля трыццаці чалавек.

23І сказаў Самуіл кухару: падай тую частку, якую я даў табе і пра якую я сказаў табе: адкладзі яе ў сябе.

24І ўзяў кухар лапатку і што было пры ім і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуіл: вось гэта пакінута, пакладзі перад сабою і еж, бо на гэты час ашчаджана гэта табе, калі я склікаў народ. І абедаў Саўл з Самуілам у той дзень.

25І сышлі яны з вышыні ў горад, і Самуіл гутарыў з Саўлам на даху.

26Раніцай усталі яны так: калі ўзышла зара, Самуіл паклікаў Саўла на даху і сказаў: устань, я правяду цябе. І ўстаў Саўл, і выйшлі абодва яны з дома, ён і Самуіл.

27Калі падыходзілі яны ў канец горада, Самуіл сказаў Саўлу: скажы слузе, каб ён пайшоў наперад нас, - і той пайшоў наперад; - а ты спыніся цяпер, і я адкрыю табе, што сказаў Бог.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help