ВЫСЛОЎІ 21 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Выс 21

1Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго.

2Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы.

3Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.

4Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх.

5Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу.

6Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.

7Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды.

8Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя.

9Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.

10Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.

11Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

12Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце.

13Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - і ня будзе пачуты.

14Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць.

15Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.

16Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых.

17Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее.

18Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры.

19Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.

20Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.

21Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.

22Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі.

23Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю.

24Пыхлівы злодзей - блюзьнер імя яму - дзее ў запале пыхі.

25Прагнасьць гультая заб'е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць;

26кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27Ахвяра бязбожных - агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе.

28Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

29Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой.

30Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады - насуперак Госпаду.

31Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога - ад Госпада.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help