ВЫХАД 12 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Вых 12

1І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай, кажучы:

2месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў, першым хай будзе ён у вас паміж месяцамі года.

3Скажэце ўсяму супольству Ізраілеваму: у дзясяты дзень гэтага месяца няхай возьме кожны адно ягня па семэях, па ягняці на сямейства;

4а калі сямэя такая малая, што ня зьесьць ягняці, дык няхай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, па ліку душ: паводле той меры, колькі кожны зьесьць, палічэцеся на ягня.

5Ягня ў вас павінна быць бяз хібы, мужчынскага полу, аднагодак; вазьмеце яго ад авечак альбо ад коз,

6і няхай яно захоўваецца ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца: тады хай заколе яго ўвесь сход грамады Ізраільскай увечары,

7і хай возьмуць ад крыві і памажуць на абодвух вушаках і на папярэчыне дзьвярэй у дамах, дзе будуць есьці яго;

8няхай зьядуць мяса зь яго ў гэтую самую ноч, сьпечанае на агні, - з прэсным хлебам і з горкімі травамі няхай зьядуць яго;

9ня ежце ад яго недапечанага, альбо гатаванага ў вадзе, а ежце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і вантробамі;

10не пакідайце ад яго да раніцы; а астатак яго да раніцы спалеце на агні.

11А ежце яго так: хай будзе паясьніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго пасьпешліва: гэта - Пасха Гасподняя.

12А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і пабэю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь.

13І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую.

14І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае свьяткуйце яго.

15Сем дзён ежце прэсны хлеб; з самага першага дня зьнішчыце квашанае ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае зь першага дня да сёмага дня, душа тая зьнішчана будзе з асяродзьдзя Ізраіля.

16І ў першы дзень хай будзе ў вас сьвяты сход, і ў сёмы дзень сьвяты сход: ніякай працы нельга рабіць у гэтыя дні; толькі што есьці кожнаму, адно тое можна рабіць вам.

17Пільнуйцеся праснакоў, бо ў гэты самы дзень Я вывеў рушэньне вашае зь зямлі Егіпецкай, і пільнуйцеся дня гэтага ў роды вашыя, як устанаўленьня вечнага.

18З чатырнаццатага дня першага месяца, зь вечара ежце прэсны хлеб да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца;

19сем дзён не павінна быць закваскі ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае, душа тая вынішчана будзе з грамады Ізраілевай, прыхадзень гэта альбо прыродны жыхар зямлі той.

20Нічога квашанага ня ежце: усюды, дзе будзеце, ежце прэсны хлеб.

21І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па семэях вашых і закалеце паску;

22і вазьмеце пучок ізопу, і абмачэце ў кроў, якая ў посудзе, і памажце папярэчыну і абодва вушакі дзьвярэй крывёю, якая ў посудзе: а вы ніхто ня выходзьце за дзьверы дома свайго да раніцы.

23І пойдзе Гасподзь караць Егіпет, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на абодвух вушаках, і пройдзе Гасподзь міма дзьвярэй, і не дапусьціць згубцу ўвайсьці ў дамы вашыя дзеля кары.

24Трымайцеся гэтага, як закону сабе і сынам вашым вечна.

25Калі ўвойдзеце ў зямлю, якую Гасподзь дасьць вам, як Ён казаў, захоўвайце гэта служэньне.

26І калі скажуць вам дзеці вашыя: што гэта за служэньне?

27скажэце: гэта пасхальная ахвяра Госпаду, Які прайшоў міма дамоў сыноў Ізраілевых у Егіпце, калі караў Егіпцянаў, і дамы нашыя выбавіў. І схіліўся народ і пакланіўся.

28І пайшлі сыны Ізраілевыя і зрабілі: як сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.

29Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы.

30І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага.

31І паклікаў Майсея і Аарона ўначы і сказаў: устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы;

32і дробнае і буйное быдла ваша вазьмеце, як вы казалі; і ідзеце і дабраславеце мяне.

33І пануквалі Егіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго зь зямлі той; бо казалі яны: мы ўсе памрэм.

34І панёс народ цеста сваё, перш чым яно закісла; рошчына іхняя, завязаная ў вопратцы іхняй, была на плячах іхніх.

35І зрабілі сыны Ізраілевыя паводле слова Майсеевага і прасілі ў Егіпцянаў рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі.

36А Гасподзь даў ласку народу ў вачах Егіпцянаў: і яны давалі яму, і абабраў ён Егіпцянаў.

37І выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса ў Сакхот да шасьцісот тысяч пешых мужчын, апрача дзяцей;

38і мноства рознапляменных людзей выйшлі зь імі, і дробнае і буйное быдла, статак вельмі вялікі.

39І сьпяклі яны зь цеста, якое вынесьлі зь Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ ня скісла, таму што яны выгнаныя былі зь Егіпта і не маглі марудзіць і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.

40А часу, які сыны Ізраілевыя жылі ў Егіпце, было чатырыста трыццаць гадоў.

41Як прайшло чатырыста трыццаць гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё рушэньне Гасподняе зь зямлі Егіпецкай уначы.

42Гэта - ноч чуваньня Госпаду за вывад іх зь зямлі Егіпецкай; гэта самая ноч - чуваньне Госпаду ва ўсіх сыноў Ізраілевых у роды іхнія.

43І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вось статут Пасхі: ніякі іншапляменец не павінен есьці яе;

44а кожны раб, куплены за срэбра, калі абрэжаш яго, можа есьці яе;

45пасяленец і найміт не павінен есьці яе.

46У адным доме трэба есьці яе, ня выносьце мяса прэч з дому і костак яе ня крышэце.

47Уся грамада Ізраіля павінна ўчыняць яе.

48А калі паселіцца ў цябе прыхадзень і захоча ўчыніць Пасху Госпаду, дык абрэж у яго ўсіх мужчынскага полу, і тады няхай ён пачне рабіць яе, і будзе як прыродны жыхар зямлі; а ніякі неабрэзаны не павінен есьці яе;

49адзін закон хай будзе і прыроднаму жыхару і прыхадню, які пасяліўся сярод вас.

50І зрабілі ўсё сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.

51У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help