ЛУКАША 16 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лк 16

1Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;

2і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?

3Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;

4ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.

5І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?

6Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.

7Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.

8І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.

9І я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.

10Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.

11Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?

12І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?

13Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

14Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.

15Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.

16Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.

17Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.

18Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.

19Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.

20Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах

21і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.

22Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;

23і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,

24і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.

25Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;

26і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.

27Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,

28бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.

29Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.

30А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.

31Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help