МІХЕЯ 4 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Міх 4

1І будзе ў апошнія дні: гара дома Гасподняга пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы.

2І пойдуць многія народы і скажуць: «прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю і ў дом Бога Якаўлевага, - і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сіёна выйдзе закон і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.

3І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць яны мечы свае на аралы і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць,

4але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта.

5Бо ўсе народы ходзяць, кожны - у імя свайго бога; а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага вавек».

6У той дзень, кажа Гасподзь, зьбяру кульгавае і спалучу разагнанае і тых, на каго я навёў бедства.

7І зраблю кульгавае астаткам і далёка расьсеянае моцным народам, і Гасподзь будзе валадарыць над імі на гары Сіёне ад сёньня і давеку.

8А ты, вежа статку, пагорак дачкі Сіёна! да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае ўладарства, царства - да дачок Ерусаліма.

9Дзеля чаго ж ты сёньня так голасна лямантуеш? Хіба няма ў цябе цара? Альбо ня стала ў цябе дарадцы, што цябе схапілі пакуты, як парадзіху?

10Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сіёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Вавілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Гасподзь ад рукі ворагаў тваіх.

11А цяпер сабраліся супроць цябе многія народы і кажуць: «хай будзе яна апаганена, і хай нагледзіцца вока нашае на Сіён!»

12Але яны ня ведаюць думак Гасподніх і не разумеюць парады Ягонай, што Ён сабраў іх як снапы на гумно.

13Устань і малаці, дачка Сіёна; бо Я зраблю рог твой жалезным і капыты твае зраблю меднымі, - і скрышыш многія народы і прысьвеціш Госпаду здабыткі іхнія і багацьці іхнія Ўладару ўсёй зямлі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help